Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сьледчым раённых пракуратураў загадана выяжджаць у гаспадаркі аграпрамысловага комплексу дзеля асьведчаньня выпадкаў паморку жывёлы. Надзвычайныя захады выкліканая катастрафічным зьмяншэньнем пагалоўя скаціны й боязьзю антыкалгасных правакацыяў.

Радыкальнае рашэньне, як кажуць, стала вынікам асабістага пажаданьня добра знаёмага з саўгасным ладам Аляксандра Лукашэнкі. Становішча ў жывёлагадоўлі, неаднаразова ахарактарызаванае ім жа самім няйначай як “завал”, вылілася ў даволі арыгінальную меру кантролю.

Працэдура асьведчаньня здохлае жывёлы амаль нічым не адрозьніваецца ад канстатацыі сьмерці чалавека. Складаецца адпаведны акт, указваецца прычына лятальнага зыходу; адзінае, што пакуль ня робіцца, дык гэта ўнутранае ўскрыцьцё. Калі жывёліна здохла ў выніку парушэньня тэхнікі бясьпекі (напрыклад, паражэньне электратокам) да адказнасьці аўтаматычна прыцягваецца кіраўнік гаспадаркі. Жывёла, здохлая ў прыватных гаспадарках, дзяржаўнымі сьледчымі не рэгіструецца.

Чым часьцей за ўсё абумоўлены паморак худобы — гаворыць сьледчы смаргонскае пракуратуры Аляксандар Южык:

“Зараз па раёну адчуваюцца выдаткі мінулага году — адсутнасьць кармоў. Таму жывёла канае пераважна з-за кволасьці. Адсутнасьць вітамінаў выклікае страўнікавыя хваробы. Іншымі словамі, прычына ў дрэнным харчаваньні і, адпаведна, недаразьвітасьці: мінулым годам скаціну трымалі ледзь не на яловых галінах. Больш дохнуць сьвіньні, бо ў іх і большы прыплод, але мы сочым за ўсімі, нават часам за птушкаю. Паводле ўсіх фактаў штотыднёва інфармацыя дасылаецца на вобласьць: колькі праведзена праверак, колькі кампэнсавана ўрону”.

Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што на паморак жывёлы сьледчыя выяжджалі й раней, але тады мелася на ўвазе масавае кананьне: пошасьці, пажары, паводкі ды г.д. Заўчасная сьмерць асобнае сьвіньні ці цяляці сьпісвалася на натуральны адбор. Зараз аб’ектам пільнае ўвагі робяцца і адзінкавыя выпадкі. Гэта абумоўлена, перш за ўсё, катастрафічным зьмяншэньнем пагалоўя калгасна-саўгаснае жывёлы цягам апошніх трох гадоў.

Марныя спробы аднавіць дзяржаўны статак безпясьпяхова скончыліся летась: пад час летняе засухі й поўнай адсутнасьці спадзеваў на ўраджай давялося пусьціць пад нож ледзь не палову буйное рагатае жывёлы й траціну сьвіньняў. Тыя, каму ўсё ж пашчасьціла выжыць, да сярэдзіны вясны трымаліся пераважна на вадзе ды саломе. А таму зараз на ўліку літаральна кожны ўдзельнік жывёлагадоўчага працэсу.

Некаторыя сьледчыя, якія насуперак волі сталі адмыслоўцамі і ў сельскай гаспадарцы, кажуць, што сапраўдны паморак яшчэ наперадзе. Сэзон натуральнага выпасу на паветры падыходзіць да заканчэньня, а рацыён на фэрмах заўсёды пакідае жадаць лепшага. Нягледзячы на нядрэнны (асабліва ў параўнаньні зь мінулагоднім) ўраджай, жывёла наўрад ці будзе адчуваць харчовы дастатак непасрэдна на сабе, бо збожжа, мука да камбікармы выкрадаюцца, так бы мовіць, літаральна з-пад мызы. Некалі ўтрыраваны лёзунг “не скрадзеш — не пражывеш” паступова набыў рэальныя абрысы.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG