У пачатковай школе ў клясах з расейскай моваю навучаньня беларускую
мову пачынаюць вывучаць толькі на другі навучальны год. Тады як замежная
мова ў іх выкладаецца ўжо з падрыхтоўчае клясы. Пэўная дыскрымінацыя ў
дачыненьні да беларускае мовы адбываецца і ў першых клясах — калі на ўроках
расейскае мовы вучні атрымліваюць адзнакі, дык на ўроках беларускай — не.
Як распавялі бацькі вучняў першае клясы 74-е менскае школы, іхныя дзеці
ўжо адчуваюць пэўныя складанасьці пры вывучэньні беларускае мовы. У падрыхтоўчай
клясе яны наогул не вывучалі беларускую мову, толькі расейскую і замежную.
Цяпер у іх пачаліся ўрокі беларускае мовы, але падручнікі напісаныя даволі
складана, так, нібыта дзеці ўжо трохі ведаюць мову. Праз гэта ў многіх
вучняў ужо фармуецца адмоўнае стаўленьне да мовы, і гэта непакоіць бацькоў.
Да таго ж у адпаведнасьці са школьнай праграмаю для выкладаньня беларускае
мовы й літаратуры адведзеныя толькі тры гадзіны на тыдзень. І звычайна
гэтыя прадметы стаяць ў раскладзе заняткаў апошнімі ўрокамі, калі дзеці
ўжо стомленыя і ня могуць цалкам уважліва ўспрымаць настаўніка.
Таксама бацькоў уразіла, што па беларускай мове ў першай клясе ня будуць
ставіць адзнакі, тады як па расейскай мове ды іншых прадметах вучні будуць
атрымліваць адзнакі, пачынаючы з трэцяй чвэрці.
Вось як гэтую сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні менскай гарадзкой
арганізацыі Таварыства Беларускае Мовы Леанарда Мухіна:
(Мухіна: ) “Для дзяцей, пры вывучэньні мовы, вельмі важна, каб раней
гэта пачаць. І таму тое, што спачатку навучаньне пісьму і чытаньню ідзе
па-расейску, а беларуская мова ў падрыхтоўчым клясе зусім не даецца… Да
таго ж і замежная мова пачынаецца ў падрыхтоўчым…Выстаўленьне адзнак пачынаецца
з трэцяй чвэрці, а калі мову пачынаюць толькі ў гэтым клясе вучыць, дык
адзнакі яшчэ недарэчныя. Праграма зьмененая, але падручнікі на аснове папярэдніх
створаныя, а там даволі цяжка, дык без дадатковай дапамогі за пачатковую
школу засвоіць беларускую мову немагчыма”.
Зазначыла спадарыня Мухіна.
Я запытала ў кіраўніка галоўнае ўправы агульнай і сярэдняй адукацыі
Міністэрства адукацыі Міколу Фяськова, чаму ў клясах з расейскай моваю
навучаньня беларускую мову пачынаюць вывучаюць толькі зь першай, а не з
падрыхтоўчай клясы?
(Фяськоў: ) “Гэта не зусім простае пытаньне. Гэта цэлая дыскусія, якая
ў нас аднойчы ў Нацыянальным інстытуце адукацыі абмяркоўвалася на вучоным
савеце”.
Адказаў Мікола Фяськоў.
А пакуль гэтае пытаньне будзе толькі абмяркоўвацца, а не вырашацца,
у беларускіх дзяцей, якія вучацца ў клясах з расейскай моваю навучаньня
(а такіх цяпер большасьць у краіне) паступова фармуецца стаўленьне да беларускае
мовы, як да нечага непатрэбнага й занадта складанага.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1