Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Надрукаваны чарговы тыраж штотыднёвіка “Рабочы”.

Хвалюючая тэма парлямэнцкіх выбараў-2000 у Беларусі сустракае чытача зноў на першай страронцы. Менавіта тут пра свае пазыцыі “за” і “супраць” удзелу ў іх заяўляюць вядомыя ў краіне жанчыны. Прэзыдэнт Беларускай жаночай лігі, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Ніна Стужынская падае сябе прадстаўніком практычнай палітыкі і абгрунтоўвае ўласнае імкненне стаць дэпутатам “палаты прадстаўнікоў” ад Баранавіцкай выбарчай акругі. А вось былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, сябра аргкамітэту “Хартыі-97” Людміла Гразнова сьцьвярджае, што новы, легітымны парлямэнт патрэбны прэзыдэнту Беларусі перш за ўсё каб ратыфікаваць саюзны дагавор з Расіяй, і таму тыя, хто пойдзе у “прэзыдэнскую палату”, наўмысна ці незнарок стануць удзельнікамі скасавання незалежнасці нашай Радзімы.

Узьнятая тэма працягваецца на шостай старонцы нумару, што мае пастаянную назву “Мая краіна”.

Другая паласа, “Мой тыдзень”, традыцыйна эканамічная. Прадстаўнік дэрэктарскага корпусу, віцэ-прэзыдэнт Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Валеры Шашкоў і Аляксандар Сасноў, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў разважаюць пра катастрафічны стан асноўных фондаў краіны, пра адсутнасьць магчымасьцяў іх аднаўляць і нарошчваць, пра тое, чым пагражае разьвіцьцю нашай эканомікі сучаснае яе становішча.

На наступнай старонцы, “Маё права”, увагу прыцягне інфармацыя пра чарговы зьезд Беларускага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Улады імкнуліся правесьці на пасаду прафсаюзнага кіраўніка прадстаўніка адміністрацыі. Але зьезд адстаяў сваё права на прыняцьцё незалежных рашэнняў. Пазыцыю прафсаюза камэнтуе наноў абраны старшыня Аляксандар Бухвостаў.

“Пра Івана” – такую назву носіць аповед журналіста Сьвятланы Шыдлоўскай на чарговай старонцы “Мой дом”. Іван Саломка, былы зьменны майстар Менскага маторнага заводу, а зараз пэнсіянэр і, можна сказаць, тыповы сёньняшні выбаршчык, прайшоў ў сваіх адносінах з палітыкай шлях ад Брэжнева праз Шушкевіча, Пазьняка і Лукашэнку да цяперашняга байкоту выбараў.

Побач цікавая інфармацыя: на гэтым тыдні ў Менску ля Чырвонага касьцёла, што на плошчы Незалежнасці, пачнецца ўстанаўленьня Звана памяці ўсіх ахвяр атама. Гэты звон па японскім заказе ўжо адліты на адным з прадпрыемстваў Гомелю. 23 верасня чакаецца ўрачыстае асьвячэньне своеасаблівага сымбалю.

Сёмая паласа, “Мой сусьвет”, прысьвечана 20-годзьдзю польскай “Салідарнасьці”.

Акрамя таго у нумары – чарговы выпуск тэматычнай старонкі “Удачная дача”, працяг юрыдычнай кансультацыі “Калі сям’я не скалалася (кансультуе юрыст Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Надзея Шомчанка), “Беларускі каляндар”, прысьвечаны паэту-гуманісту і асьветніку эпохі Адраджэньня М. Гусоўскаму, “Курылка” з новымі анэкдотамі.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG