19–20 верасьня Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць скаргі грамадзянаў, незарэгістраваных
дэпутатамі ў «Палату прадстаўнікоў». Такіх скаргаў набралася ажно паўтары
сотні. Аднак сярод іх ня будзе скаргі ад экс-прэм'ера Міхала Чыгіра. У
гэты панядзелак ён быў нарэшце зарэгістраваны 102-й выбарчай камісіяй,
што ў Менску.
Як паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, акруговымі выбарчымі
камісіямі зарэгістраваны 551 кандыдат у дэпутаты гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў».
Адмоўлена 217-ці кандыдатам. Сярод зарэгістраваных 86-ці прадстаўнікоў
ЛДПБ, 68 — Партыі камуністаў Беларускай, якой кіруе апазыцыянэр Калякін,
38 камуністаў-чыкінцаў, а таксама 38 былых сяброў «Палаты прадстаўнікоў».
Лідзія Ярмошына прызнала, што вынікі рэгістрацыі ў першую чаргу яна
паведаміла Аляксандру Лукашэнку на нефармальнай сустрэчы зь ім у мінулую
суботу. Але паводле яе словаў гэта ня значыць, што апошні ўплывае на кампанію.
Лідзія Ярмошына лічыць ЦВК «незалежным органам».
Тым ня менш Лукашэнка адмыслова цікавіўся, чаму ж адмаўлялі некаторым
«знакавым фігурам». Падводзячы вынік рэгістрацыі, можна назваць толькі
некалькі зарэгістраваных кандыдатамі апазыцыйна настроеных палітыкаў: Вольга
Абрамава, Мікола Статкевіч, Аляксандар Фядута ды Міхал Чыгір. Бальшыня
апазыцыянэраў, што рашылі не байкатаваць гэтыя выбары, а ўзяць у іх удзел,
не пераадолелі працэдуру рэгістрацыі. Сярод іх Ярмошына назвала Валерыя
Шчукіна, Уладзімера Ганчарыка, Аляксандра Бухвостава, Генадзя Грушавога,
Гары Паганяйлу ды іншых. Паводле словаў Ярмошынай, усе яны былі «непісьменнымі»
ў афармленьні падпісных аркушоў, дэклярацыяў ды іншых дакумэнтаў.
Гаворыць Лідзія Ярмошына:
(Ярмошына: ) “Мы зьбіраем парлямэнт, а не набіраем кляс двоечнікаў.
Гэта ня цэнтар занятасьці. Барацьба жорсткая. Ня змог, не падрыхтаваўся
– ну ведаеш, гэта твае праблемы. Ніхто на сподачку з блакітнай каёмачкай
уладу не прыносіць”.
— сказала Лідзія Ярмошына.
Тым ня менш яна прызнала, што да пэўных гэтак званых знакавых асобаў
выбарчыя камісіі паставіліся надзвычай лібэральна, зарэгістраваўшы іх,
нягледзячы на парушэньні.
Гаворыць Лідзія Ярмошына:
(Ярмошына: ) “Нашыя акруговыя камісіі знаходзіліся пад гэтак пільнай
увагай грамадзкасьці, што праяўлялі максымальную ляяльнасьць, каб давесьці,
што яны настолькі незаангажаваныя, што мы так імкнемся да таго, каб згаданыя
постаці, якія ў нас лічацца знакавымі, удзельнічалі ў выбарах, што ў пэўных
выпадках закрывалі вочы на тыя ці іншыя недахопы”.
Відавочна, што гэтае выказваньне старшыні Цэнтарвыбаркаму датычылася
лідэра “Народнае Грамады” Міколы Статкевіча ды экс-прэм’ера Міхала Чыгіра.
Апошні быў зарэгістраваны толькі сёньня апоўдні, пра што сам ён яшчэ ня
ведаў.
Ярмошына прызнала такія падвойныя стандарты законнымі, заявіўшы, што
Выбарчы кодэкс дастаткова гнуткі, і таму пры пэўных парушэньнях выбарчыя
камісіі могуць адмаўляць у рэгістрацыі, а могуць і не адмаўляць… Паводле
словаў Ярмошынай, у Міхала Чыгіра і ягонае жонкі Юліі Чыгір былі прыблізна
аднолькавыя парушэньні й памылкі ў афармленьні падпісных аркушоў ды іншых
дакумэнтаў, але экс-прэм'ера зарэгістравалі, а ягонай жонцы — адмовілі.
Гэта, відаць, і ёсьць вынік «гнуткасьці» закону.
Дарэчы прыгадаць яшчэ адзін прыклад гнуткасьці заканадаўства, які прывяла
Ярмошына: у Выбарчым кодэксе адказнасьць за заклікі да байкатаваньня выбараў
зьнятая, затое артыкул 167–3 Адміністрацыйнага кодэксу дзейнічае і, паводле
прызнаньня Ярмошынай, можа быць ужыты ў дачыненьні да тых, хто заклікае
не хадзіць на гэтыя выбары.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1