Афіцыйныя ўлады анансуюць прыезд на выбары 15 кастрычніка
міжнародных назіральнікаў аж з 15 краінаў Эўропы, у тым ліку Бэльгіі, Баўгарыі
ды Чэхіі. Старшыня міжнароднае камісіі “Савету Рэспублікі” Мікола Чаргінец,
які пра гэта сёньня паведаміў, асабліва падкрэсьліў, што гэта будуць менавіта
парлямэнтары эўрапейскіх дзяржаваў.
Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах верхняе палаты “Нацыянальнага
сходу” Мікола Чаргінец абвесьціў на прэсавай канфэрэнцыі пра вялікую цікаўнасьць
эўрапейскіх парлямэнтаў да выбараў.
(Чаргінец: ) “Пачынаючы з Турцыі, жадаюць парлямэнтары прыехаць. Я не
чапаю краіны СНД, гэта само сабою маецца на ўвазе, яны, вядома, захочуць
наведаць гэтыя выбары. З Захаду — я ўжо дакладна памятаю — выказалі такое
жаданьне прадстаўнікі парлямэнтаў Чэхіі, Баўгарыі, Бэльгіі, Югаславіі.
З поўначы едуць да нас прадстаўнікі Латвіі, Летувы, з усходу — можна здагадацца,
хто прыедзе”.
Але спадар Чаргінец адмовіўся назваць хоць бы якія прозьвішчы або паведаміць,
на якім узроўні будуць прадстаўляць свае парлямэнты гэтыя дэпутаты. Кіраўнік
кампартыі Беларусі й дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін ужо абяцаў,
што на выбары прыедуць у якасьці назіральнікаў камуністы з краінаў Эўрапейскага
Зьвязу. Мажліва, якраз іх мае на ўвазе спадар Чаргінец, запытаў я яго…
(Чаргінец: ) “Хто яны — левыя, правыя, сярэднія, ніжнія, верхнія… —
гэта іхная справа. Хто хоча, няхай едзе да нас. Нашыя дзьверы для нашых
гасьцей расчыненыя ў нашай краіне. Мы кажам: сардэчна запрашаем! А хто
прыедзе — пазнаёмімся тут”.
Мікола Чаргінец распавёў, што нічога ня ведае пра тэхнічных экспэртаў
міжнародных эўрапейскіх арганізацыяў, якіх накіравалі ў Менск, нават ня
ведае, што яны ўжо прыехалі. Але старшыня міжнароднае камісіі “Савету Рэспублікі”
адзначыў, што іхны статус не абмежаваны — што захочуць, тое паглядзяць.
Да таго ж, паводле словаў Міколы Чаргінца, “той, хто кажа, што мы маем
закон самы дасканалы, — той хлусіць”.
Журналісты, прысутныя на прэсавай канфэрэнцыі, адразу запыталі спадара
Чаргінца, як ён ставіцца да такіх парушэньняў, як публікацыя ў сёньняшнім
нумары “Советской Белорусии” (што нібыта закрытая для ўсіх кандыдатаў)
непрыхаванай агітацыі з партрэтамі за цяперашніх дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”
Уладзімера Ягорава ды Леаніда Сечкі. Мікола Чаргінец адказаў, што гэты
нумар газэты яшчэ ня бачыў, але ўсё ж паўшчуваў “Советскую Белоруссию”:
(Чаргінец: ) “Сапраўды, тут трэба газэтчыкам вельмі ўважліва ставіцца
да гэтага пытаньня. Сказана ж пра гэта дакладна: хто што можа друкаваць
і як, дзеля таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кандыдатаў”.
Мікола Чаргінец таксама пааябяцаў вывучыць сытуацыю з канфіскаваным
нумарам газэты “Рабочы”.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1