Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 16 верасьня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Назваць сёньня эканамічныя стасункі паміж Беларусьсю й Расеяй пасьпяховымі, тым болей пэрспэктыўнымі — не выпадае. Расея пагаджаецца толькі на такія формы гэтак званай эканамічнай інтэграцыі, якія ёй выгодныя. Рыначныя стасункі грунтуюцца, як вядома, на інтарэсе, які мусіць быць узаемным. Але для Беларусі такой узаемнасьці не назіраецца. Вось канкрэтныя факты.

На мінулым тыдні старшыня Белспажыўсаюзу спадар Уладыка паведаміў грамадзкасьці, што Расея па-сутнасці адмовілася ад беларускае таварнае бульбы. Беларусь выйграла ўсяго адзін тэндэр на пастаўку толькі 8.000 тонаў бульбы для Масквы. А надзеі былі вялікія…

Цікава, што летась загадам Лукашэнкі на памежжы нават выстаўляліся міліцэйскія кардоны, каб бульба не вывозілася ў Расею. А сёлета й хацелі б зарабіць на такім экспарце, ды суседзі прапанавалі мізэрную цану — 10 цэнтаў за кіляграм. Закупіць і даставіць у Расею бульбу па такой цане немагчыма.

Сваю выгоду Масква дбайна пільнуе ва ўсім. Так, калі ў 1999 годзе кошт 1 тоны нафты для Беларусі складаў 46 даляраў, дык у студзені–чэрвені сёлета — ужо 190 даляраў. Нібы саюзную дзяржаву ствараюць, а ў Расеі літар бэнзыну каштуе каля 28 цэнтаў, а ў Беларусі — 40.

Адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй дасягнула сёньня 874 млн. даляраў. Гэта проста небясьпечна. Яшчэ на пачатку году ствараліся нейкія вытворчыя праекты. Напрыклад, супольнае вытворчасьці тэлевізара. Але расейцы падлічылі, што гэта ім невыгодна. І на праекце паставілі крыж.

На пачатку мінулага тыдня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пад час сустрэчы з губэрнатарамі вёў размову пра ўмацаваньне цэнтральнае ўлады. Дамовіліся, што рэгіёны краіны (рэспублікі й губэрні) ня будуць выступаць суб’ектамі міжнародных стасункаў. Падобна, шчыраваньню Лукашэнкі ў справе разьвіцьця стасункаў зь мясцовымі расейскімі ўладамі прыйшоў канец. Усё трэба рабіць праз Маскву.

У першым паўгодзьдзі фізычны аб’ём экспарту ў Расею ў валютным эквіваленце падняўся на 15,9%. Нібы нядрэнна, але ў фізычным аб’ёме ён павялічыўся меней як на 1%, таму што рост сярэдніх цэнаў дасягнуў 15,6%. Яшчэ горшая сытуацыя зь імпартам. Яго сярэдні фізычны аб’ём павялічыўся на 9,5%, а ў валютным эквіваленце — на 54,8%, што проста згубна для Беларусі. Так здарылася таму, што сярэднія цэны імпарту падвысіліся ажно на 43,8%. Пераважна за кошт нафты. За тое імпарт інвэстыцыйных тавараў скараціўся ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году амаль на 100 млн. даляраў.

Адчуўшы рэзкае пагаршэньне замежнага гандлю з Расеяй, беларускія ўлады кінуліся ў далёкае замежжа — ад Кубы да Ірана і Віетнама, каб пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва й замежны гандаль. Толькі ці прынясе гэта чаканы плён?

Уладзімер Кулажанка, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG