Сёньня ў швэдзкім горадзе Гётэборгу працягвалася праца беларускага павілёну
на швэдзкім кірамашы кнігі. Нашай карэспандэнтцы ўдалося ўзяць кароткае
інтэрвію ў прэм’ер-міністра Швэцыі Ёрна Пэрсана.
Сёньня беларускі павілён, аздоблены нацыянальнымі колерамі, белы, з
чырвонымі надпісамі Vitrysland, што па-швэдзку “Беларусь”, быў ці не самым
папулярным. Надзвычайна прадуманая швэдзкім бокам арганізацыя: 30 тысячаў
інфармацыйных бюлетэняў, на відэатаблё дэманстрацыя твораў сучаснага альтэрнатыўнага
мастацтва Беларусі, абразы Чарнобылю і дабраахвотная праца швэдаў са швэдзкага
інстытуту.
Сёньня прадстаўнік Асацыяцыі сучаснага мастацтва Дзяніс Раманоўскі распавёў
пра разьвіцьцё альтэрнатыўнага мастацтва ў Беларусі, цэнзураваньне выстваў
і адсутнасьць прыватных і самастойных галерэяў. Па-швэдзку сёньня гучэлі
вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава і БумБамЛітаўцаў Сяржука Мінскевіча,
Зьміцера Вішнёва, Алеся Туровіча. Іх чытала перакладчыца Хайста Йоберг.
Кінарэжысэр Віктар Дашук, які прыбыў у Швэцыю з турнэ, падчас якога дэманструе
свае фільмы і гаворыць пра палітычныя рэаліі, сёньня пасьледаваў настрою
Васіля Быкава: моцны пэсымізм у ацэнцы. З досьведу замежных паездак Віктар
Дашук зрабіў выснову, што часта Беларусь ведаюць, бо ёю кіруе Аляксандар
Лукашэнка. Віктар Дашук сёньня не дэманстраваў свае фільмы з прычыны рэглямэнту,
а паказаў публіцы газэту “Народная Воля” з фотаздымкамі зьніклых і рэпрэсаваных
палітыкаў, бізнэсоўцаў і апэратара Зьміцера Завацкага.
Швэдзкія сацыял-дэмакраты і беларускай апазыцыя працягваюць акцыю “Стоп
Лука”: працуе вэб-сайт, на які можна дасылаць лісты, выдадзеная каляровая
брашура са зьвесткамі пра яе, маніторынгам перасьледу ўладамі палітычных
апанэнтаў, кантактамі і каардынатамі партыі Народная Грамада. Сёньня ў
праграме швэдзкага кірмашу кнігі адбылася прэзэнтацыя акцыі “Стоп Лука”,
і наведнікі літаральна расхоплівалі гэтыя праспэкты.
Пры канцы дня ў беларускі павілён завітаў швэдзкі прэм’ер-міністар Пэрсан.
Ён паціскаў рукі беларусам і гаварыў, што Швэцыя рабіла шмат і будзе надалей
рабіць шмат для дэмакратызацыі Беларусі. Спадар Пэрсан падкрэсьліў, што
ягоная краіна нязьменная ў пазыцыі – Беларусь мусіць быць у Эўропе. Старшыня
сацыял-дэмакратаў Швэцыі, прэм’ер Пэрсан сам ўзгадаў пра акцыю “Стоп Лука”
і пажадаў удзельнікам імпрэзы ўдачы. Спадар Пэрсан не плянаваў ніякіх сустрэчаў
з журналістамі, але калі я прадставілася, што з Беларусі, ён спыніўся і
знайшоў час для адказу на пытаньні пра далейшую замежную палітыку швэцыі
ў дачыненьні да Беларусі:
(Пэрсан: ) “Адзін з найбольш істотных момантаў, гэта сканцэнравацца
на дэмакратычным разьвіцьці Беларусі, а таксама падтрымаць дэмакратычныя
працэсы ва Ўкраіне і, канешне, падтрымаць разумныя сілы ўнутры Расеі. У
хуткім часе я буду мець сустрэчу з прэзыдэнтам Пуціным. Мы будзем абмяркоўваць
сытуацыю ў Расеі і супрацоўніцтва Расеі з Эўрапейскім Зьвязам. У часе сустрэчы
я ўздыму пытаньне пра сытуацыю на Беларусі”.
Вольга Караткевіч, Гётэборг
Самае папулярнае
1