Экс-прэм’ер Міхал Чыгір не выключае, што, нават калі будзе зарэгістраваны
ў якасьці кандыдата, адмовіцца ад удзелу ў выбарах на знак пратэсту супраць
перасьледу, учыненага ўладамі адносна незалежных кандыдатаў.
Увесь сёньняшні дзень Міхал Чыгір правёў ў чаканьні тэлефоннага паведамленьня
з акруговай камісіі — ці зарэгістравалі яго кандыдатам у дэпутаты. Але
на гэты момант яму так нічога й не паведамілі. Чыгіру тэлефанавалі толькі
сябры, каб распавесьці, каго са знаёмых апазыцыянэраў дакладна не зарэгістравалі.
“Пасьля паведамленьня пра тое, што ў рэгістрацыі адмоўлена Генадзю Грушавому,
Гары Паганяйлу, Алегу Воўчаку, Генадзю Башарымаву, Уладзімеру Ганчарыку,
— распавядае Чыгір, — стала зразумела, што ўлады не зьбіраюцца йсьці ні
на якія кампрамісы і ня хочуць размаўляць нават зь людзьмі памяркоўных
поглядаў. А гэта ўжо зусім іншая сытуацыя”, — лічыць Міхал Чыгір і кажа,
што ён апынуўся перад выбарам, ці не адмовіцца самому ад удзелу ў такіх
выбарах. Вось што распавёў былы прэм’ер радыё Свабода:
(Чыгір: ) “На гэты момант на месцы знаходжаньня камісіі нікога няма.
Там чакаюць мае людзі, калі зьявяцца члены камісіі. Яны ўчора сказалі,
што патэлефануюць і скажуць, калі пад’ехаць у камісію, але на дадзены момант
я такой інфармацыі не атрымаў, ніхто мне не тэлефанаваў”.
(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце гэта парушэньнем?…”
(Чыгір: ) “Такіх парушэньняў больш чым дастаткова. Гэта – чарговае.
Учора я павінен быў ведаць, якре рашэньне прыме камісія, але мяне не дапусьцілі
на паседжаньне. Калі я туды зьявіўся на 17 гадзін, яны сказалі, што прынятае
рашэньне правесьці закрытае паседжаньне, і сказалі, што будуць засядаць,
пакуль ня прымуць канчатковае рашэньне. Калі мы вырашылі частку лістоў
адклікаць, на што маем юрыдычнае права, то а 19 гадзіне на месцы ўжо нікога
не было. Няма на месцы нікога з раніцы і зараз нікога няма”.
(Карэспандэнт: ) “Як Вы тлумачыце гэта?”
(Чыгір: ) “Я думаю, што ёсьць разыходжаньне ў пазыцыях членаў камісіі”.
(Карэспандэнт: ) “Вам вядома, што шмат незалежных вылучэнцаў не дапушчаныя
да выбараў. Як бы Вы пракамэнтавалі гэтую зьяву?”
(Чыгір: ) “Я ведаў, што для дэмакратаў будуць жорсткія ўмовы, але як
аказалася, яны ня толькі жорсткія, але амаль усе зьнятыя з дыстанцыі, прычым
без падставаў. І калі застанецца 2-3 чалавекі, дык трэба падумаць, ці браць
удзел у гэтым мерапрыемстве. Я сам зараз вагаюся, калі мяне зацьвердзяць
– ці браць у так званых выбарах удзел”.
(Карэспандэнт: ) “Вы завагаліся?”
(Чыгір: ) “Нават калі мяне дапусьцяць да выбараў, я буду раіцца са сваімі
паплечнікамі, бо апынуцца там аднаму, белай варонай – таксама ня лепшы
варыянт”.
— гэтак мяркуе Міхал Чыгір.
Як мне стала вядома, літаральна напярэдадні выхаду гэтага сюжэту ў эфір,
экс-прэм’ера ўсё ж запрасілі на паседжаньне акруговае камісіі, якое адбудзецца
ўвечары. Пра вынікі гэтага паседжаньня мы паведамім дадаткова.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
(Як стала вядома нашаму карэспандэнту перад самым выхадам праграмы,
прыняцьцё рашэньня аб рэгістрацыі Міхаіла Чыгіра перанесенае на панядзелак)
Самае папулярнае
1