Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У трэцюю частку артыкулу 167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якая прадугледжвае пакараньні за парушэньне законадаўства пра выбары, у тым ліку й за публічныя заклікі да байкоту выбараў, могуць быць у любы час унесеныя карэктывы. Такое паведамленьне зрабіў сёньня кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік у часе ягонае сустрэчы з экспэртамі ў мас-мэдыях ад палітычнай апазыцыі.

Паводле паведамленьня Ганса-Георга Віка, ужо падрыхтаваны й перададзены Аляксандру Лукашэнку праект дакумэнтаў, якія неабходныя для таго, каб адмяніць пакараньне за байкот выбараў, прадугледжанае ў трэцяй частцы артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу. Цяпер, каб вырашыць канфлікт, дастаткова подпісу Лукашэнкі. Пры гэтым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ не сказаў, ад каго ён атрымаў такія зьвесткі. Але амбасадар Вік дадаў, што неабходны дэкрэт можа быць падпісаны Лукашэнкам у любы час.

Пакараньні за заклікі да байкоту выбараў у “Палату прадстаўнікоў” сталі балючай тэмаю для той часткі палітычнай апазыцыі, якая не бярэ ўдзел у выбарчай кампаніі. Ужо зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі праваахоўныя ворганы ўжываюць сілавыя захады ў дачыненьні да актывістаў байкоту выбарчага фарсу. Пры гэтым ворганы спасылаюцца менавіта на трэцюю частку артыкулу 167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэтая частка мае назоў “Парушэньні заканадаўства аб выбарах” і прадугледжвае штраф у памеры да дзесяці мінімальных заробкаў або папраўчыя работы на тэрмін да двух месяцаў з утрыманьнем дваццаці адсоткаў заробку пакараных.

Між тым, у апошнім варыянце беларускага заканадаўства, згодна зь якім і праводзяцца выбары ў “Палату прадстаўнікоў”, пад ціскам апазыцыі і міжнародных структураў параграф пра пакараньні за байкот выбараў выключаны. Такім чынам, атрымаўся юрыдычны нонсэнс, калі Адміністрацыйны кодэкс супярэчыць іншаму кодэксу — Выбарчаму. Што думае на гэты конт старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына?

(Ярмошына: ) “Справа ў тым, што сапраўды адказнасьць за байкот выбараў выключаная з Выбарчага кодэксу. Аднак дарэчы Міністэрства юстыцыі ў вельмі мяккай форме паведаміла пра тое, што йснуе яшчэ шэраг проціпраўных парушэньняў, якія зафіксаваныя ў Выбарчым законе ды таксама забароненыя. А менавіта, перашкода выбарчаму праву грамадзянаў шляхам падману, подкупу ды іншымі незаконнымі дзеяньнямі. Такім чынам, адказнасьць за перашкоду выбарчаму праву грамадзянаў, як і раней, існуе”.

Гэта была старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Цікаўлюся ў спадарыні Ярмошынай, як мусяць паводзіць сябе міліцыянты, на падставе чаго — Выбарчага кодэксу або Адміністрацыйнага кодэксу — яны мусяць будаваць свае стасункі з удзельнікамі байкоту?

Спадарыня Ярмошына дае наступны адказ:

“Давайце ня будзем забывацца на тое, што адміністрацыйнае спагнаньне выносіць не супрацоўнік міліцыі, а судзьдзя. Супрацоўнік міліцыі складзе пратакол, а ўжо судзьдзя мусіць вынесьці юрыдычна выверанае рашэньне з улікам усіх абставінаў”, — паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

З адказаў старшыні Цэнтарвыбаркаму можна зрабіць дзьве высновы: па-першае, яна прызнае, што у Выбарчым кодэксе пакараньня за байкот выбараў не йснуе. Па-другое, і гэта самае галоўнае, людзей, якія выступаюць за байкот, лёгка пакараць паводле іншых пунктаў той жа самае часткі трэцяй артыкулу 167.

Таму, калі нават Лукашэнка сваім дэкрэтам і выключыць з Адміністрацыйнага кодэксу пакараньне за байкот выбараў, можна меркаваць, што гэта прынцыпова ня зьменіць сытуацыю.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG