Учора ўвечары на пачатку 19-й гадзіны сябры гомельскага аддзяленьня
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” правялі каля
хлебазаводу №1 на вуліцы Інтэрнацыянальнай пікет супраць росту цэнаў на
прадукты харчаваньня, у тым ліку на хлеб.
Пікет быў несанкцыянаваным. Пікетоўцы выставілі лёзунгі “Высокім цэнам
адпаведныя заробкі” і “Не – падаражэньню хлеба”. Кошт на хлеб за сёлетнія
8 месяцаў пераглядаўся ажно 7 разоў і вырас, напрыклад, на гатунак “Валатоўскі”
з 98 да 312 рублёў.
Гараджаньне ня толькі ставіліся да пікетоўцаў са спачуваньнем, але і
падказвалі іншыя формы пратэсту. Гаворыць кіраўнік абласнога аддзяленьня
“Народнай Грамады” Алесь Яўсеенка:
(Яўсеенка: ) “Людзі казалі, што трэба ня толькі стаяць, але і зьбіраць
подпісы і аддаваць іх абласным і гарадзкім уладам. Мы паказалі, што за
свае правы трэба змагацца”.
Хоць пікет і быў несанкцыянаваным, грамадоўцаў на гэты раз ніхто не
затрымаў. Міліцыю ня выклікала нават ахова хлебазаводу, хаця і цікавілася
пікетам.
Учора ж увечары жанчыны з “Народнай Грамады” сабралі ўстаноўчы сход
і заснавалі рэгіянальную філію Беларускай жаночай лігі. Кіранічкай яе абраная
настаўніца Тацяна Кавалёва, намесьніцай – сябра “Народнай Грамады” Кацярына
Гаравая.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1