Адміністрацыя Менскага аўтазаводу адмовіла ў працаўладакаваньні актывісту
Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Міхалу Марынічу. Больш за пяць месяцаў
прадстаўнік дэмакратычнага прафсаюзу зьяўляецца беспрацоўным.
Сёньня Міхал Марыніч чарговым разам наведаў Менскі аўтамабільны завод,
каб працаўладкавацца тут сьлесарам-мэханазборшчыкам агрэгатнага цэху. Менавіта
такі вырак тыдзень таму вынес судзьдзя Заводзкага суду Алег Каляда, які
пастанавіў, каб адміністрацыя МАЗу прадаставіла Марынічу працоўнае месца
ў абавязковым парадку.
Аднак кіраўніцтва аўтазаводу з такім выракам не пагадзілася. І літаральна
праз тры дні судзьдзя Жана Хвайніцкая таго ж Заводзкага суду нечакана апратэставала
рашэньне свайго калегі.
(Марыніч: ) “Мне сказалі, што пытаньне майго працаўладкаваньня застаецца
адкрытым да рашэньня гарадзкога суду. Рэч у тым, што завод падаў касацыйную
скаргу ў гарадзкі суд. З аднаго боку, каб перашкодзіць мне ўладзіцца на
МАЗ і каб зацягнуць гэтую справу. Таму, я думаю, калі гарадзкі суд вырашыць
на маю карысьць, завод падасьць скаргу далей. Справа можа цягнуцца не адзін
месяц”.
(Карэспандэнт: ) “Міхаіл Мітрафанавіч, Вы лічаце, што гэта дыскрымінацыя
паводле прафсаюзнай прыналежнасьці?”
(Марыніч: ) “Я лічу, што ў аўтазаводу няма іншых падставаў, каб не дапусьціць
мяне працаваць. Я быў абраны старшынём прафсаюзнай суполкі Свабоднага прафсаюзу
мэталістаў, працаваў сьлесарам на МАЗе, маю досьвед і ня думаю, што аўтазаводу
не патрэбныя мае рабочыя рукі. Завод ня хоча, каб я займаўся прафсаюзнай
працай. У справе зацікаўлена і пракуратура Заводзкага раёну, упраўленьне
КГБ Заводзкага раёну, чые супрацоўнікі наведваюць суд, цікавяцца, як ідзе
справа, а можа й рэкамэндацыі даюць, якія кручкі можна знайсьці ў нашым
заканадаўстве, каб мяне не працаўладкаваць на МАЗе.”
Лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы таксама лічыць,
што супрацьдзеяньне працаўладкаваньню Марыніча на МАЗ адбываецца выключна
паводле палітычных матываў:
(Трошчы: ) “Я мяркую, што судзьдзя выконваў чыюсьці волю. Мы добра ведаем
судзьдзю Хвайніцкую, яна ўжо судзіла сяброў Свабоднага прафсаюзу, і абавязкова
на карысьць адміністрацыі Менскага аўтазаводу. Яна, я так мяркую, выконвала
ўказаньні адміністрацыі прэзыдэнта й КГБ. Калі б суд быў справядлівы, дык
ніякага пратэсту не было б, бо чалавеку варта прадаставіць працу, каб ён
мог зарабіць сабе кавалак хлеба. Я магу прадказаць, як будуць разьвівацца
падзеі. Нават калі гарадзкі суд пачне разглядаць справу Марыніча, дык яго
працаўладкаваньне адбудзецца не раней, чым праз паўтары месяцы. Мы ўжо
маем такі досьвед. А наогул, гэта будзе цягнуцца да Вярхоўнага суду”.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1