Улетку Міністэрства адукацыі і Камітэт друку паведамлялі ў СМІ, што
да 20-га жніўня – за 11 дзён да пачатку навучальнага году - усе школы краіны
будуць забясьпечаныя неабходнымі падручнікамі. Прайшло 11 дзён ад пачатку
навучальнага году, а падручнікаў не стае…
Намесьніца начальніка абласной управы адукацыі Лідзія Кацегава засьведчыла,
што школы рэгіёны не забясьпечаныя пакуль падручнікамі трох найменьняў:
беларускай мовай, хіміяй ды біялёгіяй.
Інспэктар управы Натальля Салонікава ўдакладніла гэтыя пазыцыі: у вобласьць
не паступіла ніводнага падручніка хіміі для 9-х клясаў, аўтар – Шымановіч.
А патрэбна – 24 тысячаў паасобнікаў.
Для тых жа 9-х клясаў наш рэгіён атрымаў толькі 3 тысячы 128 падручнікаў
біялёгіі, альбо 12 адсоткаў ад патрэбнага. Абодва падручнікі павіннае было
выпусьціць менскае выдавецтва “Народная асьвета”.
Паводле інфармацыі супрацоўнікаў унітарнага гандлёвага прадпрыемства
“Гомелькніга”, а менавіта яно на заяўку ўправы адукацыі забясьпечвае школы,
новыя падручнікі біялёгіі можна чакаць пры канцы верасьня. Іх засталося
дадрукаваць.
Падручнік жа хіміі – на стадыі карэктыроўкі. Калі патрапіць у школы
– невядома. Сёлета павінен быў выдавацца й падручнік беларускай мовы для
7-клясьнікаў. Ад моманту апошняга выданьня мінулася 5 гадоў. Гэта – тэрмін,
пасьля якога школы абнаўляюць свае фонды.
Аднак у плянах выдавецтва “Адукацыя і выхаваньне” “Беларускай мовы для
7-й клясы” наагул не было. І вучні карыстаюцца спрацаванымі падручнікамі.
Пералік падручнікаў і дапаможнікаў для сярэдняй школы на беларускай
мове выглядае сьціпла. Большасьць адукацыйнай літаратару друкуецца на расейскай
мове. Школа губляе нацыянальныя прыкметы. Сёлета ў абласным цэнтры ўсяго
36 першаклясьнікаў з 7 тысячаў пачалі навучацца на роднай мове. 6 гадоў
таму іх было 76 адсоткаў.
Казімір Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1