Чыноўнiкi Берасьцейскай абласной управы аховы здароўя
атрымалi загад у тэрмiновым парадку вызвалiць займаемыя памяшканьнi ў будынку
абласнога выканкаму. На гэтых плошчах зьбiраецца ўладкавацца iдэялягiчная
служба берасьцейскае “вэртыкалi”, якая зараз займаецца ў тым лiку й кантролем
за маючымi адбыцца выбарамi ў гэтак званую “Палату прадстаўнiкоў”.
Да апошняга часу абласная ўправа аховы здароўя зьмяшчалася на плошчах
абласнога выканкаму i амаль цалкам займала адзiн з паверхаў у будынку ў
цэнтры Берасьця. Першапачаткова плянавалася, што на новую адрэсу — у адрамантаваны
будынак Цэнтру здароўя — пераедзе толькi цэнтралiзаваная бугальтэрыя гэтай
аблвыканкамаўскае ўправы. Але раптоўна кiраўнiцтва берасьцейскае “вэртыкалi”
зьмянiла свае намеры.
Было прынята рашэньне ў тым, што ўправа аховы здароўя ў поўным складзе
павiнна пакiнуць будынак на галоўным пляцы гораду. На вызваленай тэрыторыi
будзе разьмешчаны апарат новага намесьнiка старшынi абласнога выканкаму
Леанiда Цупрыка, якi адказвае за iдэялягiчны кiрунак у працы мясцовае “вэртыкалi”.
У прыватнасьцi, на гэтую службу ўскладзеныя абавязкi кантраляваць падрыхтоўку
да восеньскiх выбараў у “Палату прадстаўнiкоў”.
Дарэчы, сам Леанiд Цупрык ужо правёў некалькi нарадаў са старшынямi
акруговых выбарчых камiсiяў i пасьпеў выказаць сваё незадавальненьне ходам
перадвыбарчае кампанii. Маўляў, зусiм ня тых людзей вылучылi ў якасьцi
кандыдатаў у дэпутаты. Так, па адной зь берасьцейскiх акругаў, паводле
агучанай спадаром Цупрыкам iнфармацыi, вылучаюцца ажно чатыры асобы, супраць
якiх яшчэ ня спыненая крымiнальная справа.
Адкуль у намесьнiка старшынi абласнога выканкаму такiя зьвесткi, i чаму
ён агучвае iх на нарадзе з прадстаўнiкамi выбарчых камiсiяў — гэтую акалiчнасьць
зараз высьвятляюць сябры берасьцейскiх праваабарончых арганiзацыяў.
Што да чыноўнiкаў абласное ўправы аховы здароўя, дык яны не хаваюць
раздражненьня ў сувязi з хуткiм пераездам на новае месца. Сваiмi паводзiнамi
кiраўнiцтва “вэртыкалi” дае зразумець, што iдэялягiчны кiрунак дзейнасьцi
для яе куды важнейшы, чым цiкавасьць да мэдычнае сфэры. Супрацоўнiкi гэтае
ўправы ня вераць у словы аблвыканкамаўскага кiраўнiцтва пра часовы характар
маючага адбыцца перасяленьня. Бо патрэба мясцовае вэртыкалi ў iдэялягiчнай
апрацоўцы жыхароў з наблiжэньнем яшчэ аднае — прэзыдэнцкае выбарчае кампанii
— будзе толькi расьці.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1