Учора ў Парыжы адбылося паседжаньне Бюро Рады Эўропы, а ў Страсбургу
таксама Эўрапарлямэнт разглядаў беларускае пытаньне. Мы ўзялі эксклюзыўныя
інтэрвію ў прадстаўнікоў гэтых структураў і папрасілі іх расказаць аб выніках
паседжаньняў і пракамэнтаваць заяву старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай
аб тым, што прадстаўнікі тэхнічнай ацэначнай місіі на выбарах у “палату
прадстаўнікоў” будуць зарэгістраваныя як міжнародныя назіральнікі. Напачатку
слова Фольфгангу Бэрэндту, дакладчыку ў справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі
Рады Эўропы.
(Карэспандэнт: ) “Спадар Бэрэндт, што ўчора адбывалася на паседжаньні
Бюро Рады Эўропы ў Парыжы?”
(Бэрэндт: ) “Я зрабіў справаздачу аб разьвіцьці падзеяў у Беларусі.
Я прадставіў рэкамэндацыі, якія былі зацьверджаныя ў Вене, і Бюро ўхваліла
гэтыя рэкамэндацыі аднагалосна. Так што я цяпер упаўнаважаны паехаць у
Менск у часе выбараў”.
(Карэспандэнт: ) “Хто з Рады Эўропы паедзе – Вы адзін, ці нехта яшчэ?”
(Бэрэндт: ) “Не, толькі я з Рады Эўропы, бо мы вырашылі дакладна прытрымлівацца
венскіх рэкамэндацыяў, якія вымагаюць, каб толькі адзін прадстаўнік парлямэнцкіх
інстытуцыяў “тройкі” прысутнічаў там. Так што я адзін буду прадстаўляць
Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. З Эўрапарлямэнту гэта, напэўна, будзе
Ян Марынус Вірсма, а з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, праўдападобна, Адрыян
Севярын”.
(Карэспандэнт: ) “Калі Вы паедзеце і на які тэрмін?”
(Бэрэндт: ) “Праўдападобна, за тры дні перад выбарамі і прабуду там
цалкам пяць дзён, гэта значыць тры дні перад выбарамі і два – пасьля іх”.
(Карэспандэнт: ) “Ці схарактарызавалі б Вы Вашую прысутнасьць як міжнароднае
назіральніцтва?”
(Бэрэндт: ) “Гэта, безумоўна, ня ёсьць паўнацэннае назіральніцтва. Мы
трох не змаглі б гэта зрабіць, ды яшчэ ў такі кароткі тэрмін. Мы лічым
сябе прадстаўнікамі парлямэнцкіх структураў, і, безумоўна, будзем назіраць
за тэхнічнай працэдурай выбараў і будзем кантактавацца з як мага большай
колькасьцю людзей. Але гэтага недастаткова, каб даць сапраўдную ацэнку
выбарам. І дарэчы. Калі ёсьць паўнацэннае назіральніцтва, калі трэба даць
сапраўдную ацэнку выбарам, дык трэба там быць некалькі тыдняў наперад,
бо ня толькі працэдура выбараў важная, але і падрыхтоўчы этап да іх. Вельмі
важна, як праводзіцца кампанія, а мы гэтаму ацэнку даць ня можам”.
(Карэспандэнт: ) “Лідзія Ярмошына ўчора заявіла, што Цэнтральная Выбарчая
камісія будзе разглядаць тэхнічную ацэначную місію і Вас, як міжнародных
назіральнікаў…”
(Бэрэндт: ) “Гэта няправільна, бо ў рэкамэндацыях у Вене мы якраз падкрэсьлівалі,
што гэта не паўнацэннае міжнароднае назіральніцтва. Гэта наогул не міжнароднае
назіральніцтва, а толькі тэхнічная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў
і правоў чалавека АБСЭ. Яны там будуць у якасьці экспэртаў, будуць даваць
парады і аказваць падтрымку тым, каму яна патрэбная. Гэта не міжнароднае
назіральніцтва. А што да візыту парлямэнцкай “тройкі”, дык гэта таксама
нельга лічыць міжнародным назіральніцтвам. Мы гэта растлумачым, і АБСЭ,
я думаю, таксама гэта зробіць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці можна ўжо гаварыць, што выбары пры фактычнай адсутнасьці
назіральнікаў ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю?”
(Бэрэндт: ) “Я б не хацеў такое цяпер гаварыць, але гэта праўдападобна.
Паколькі высунутыя міжнароднай супольнасьцю ўмовы не былі дастаткова выкананыя,
гэтыя выбары нельга трактаваць як свабодныя і справядлівыя”.
(Карэспандэнт: ) “У такім выпадку, навошта было, на Вашую думку, наогул
пасылаць каго-небудзь?”
(Бэрэндт: ) “Бо мы хацелі даць зразумець уладам, што мы ацэньваем хоць
нейкі прагрэс і спробы выканаць хоць нейкую частку нашых умоваў. Пакуль
што ў недастатковай меры, але ўсё ж неяк”.
Гутарыў
Максім Лукашэвіч, Прага
Самае папулярнае
1