Вялізныя штрафныя санкцыі, якія пагражалі незалежнай
гарадзенскай газэце “Пагоня”, амаль цалкам скасаваны. Падаткавай інспэкцыяй
прызнаны памылкі, зробленыя ёю пад час праверкі бугальтарскіх дакумэнтаў
газэты.
Больш за 4 мільёны 700 тысячаў рублёў — такія штрафныя санкцыі былі
выстаўлены “Пагоні” з боку падаткавай інспэкцыі Ленінскага раёну гораду.
З гэтае сумы 4 мільёны 100 тысячаў былі налічаны, як прызналі падаткавікі,
памылкова. Такім чынам, газэце давядзецца заплаціць зараз толькі крыху
больш за 600 тысячаў рублёў штрафу. Гэта ў восем разоў меней ад першапачатковае
сумы. Дарэчы, як высьветлілася, “Пагоняй” таксама было пераплочана падаткаў
менавіта на 600 тысячаў.
А памылка з памерам штрафу паўстала наступным чынам. Праверкаю было
выяўлена, што быццам бы летась ад продажу газэты было атрымана болей грошай,
чым адлюстравана ў бугальтарскіх дакумэнтах. А значыцца, сума сплочаных
падаткаў была заменшана. Высьветлілася, аднак, што пад час праверкі была
дапушчана па-сутнасьці вучнёўская памылка. Не была ўзята пад увагу тая
акалічнасьць, што сабекошт газэты вельмі высокі, што прадаваць яе даводзіцца
фактычна ніжэй сабекошту, і рэальнага прыбытку “Пагоня” не дае.
Зьмяніць сытуацыю ўдалося дзякуючы таму, што галоўны рэдактар Мікола
Маркевіч пракансультаваўся зь вельмі дасьведчанымі ў бугальтэрыі спэцыялістамі.
І адбыўся па-сутнасьці беспрэцэдэнтны выпадак — падаткавая інспэкцыя прызнала
сваю памылку. Мікола Маркевіч схільны лічыць, што быў зроблены сацыяльны
заказ з боку ўладаў — фінансава задушыць апазыцыйнае выданьне. Аднак выкананы
гэты заказ быў вельмі груба, — гаворыць ён.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1