Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Сьвятло радзімы” — так называецца новая арганізацыя беларусаў замежжа, якую цяпер ствараюць дзяржаўныя структуры. Пра гэта паведамілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі сябры ўправы Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Дасюль у асяродках беларускае дыяспары, якая, дарэчы налічвае каля трох з паловаю мільёнаў чалавек, пад эгідаю дзяржавы дзейнічала дзьве арганізацыі. Гэта “Радзіма” і “Дружба”. Абедзьве яны створаныя яшчэ за савецкім часам. Дзесяць гадоў таму зь ініцыятывы дэмакратычнае інтэлігенцыі было зарганізаванае Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якое дэкляравала зьяднаньне ўсіх беларускіх суполак і арганізацыяў, якія падтрымліваюць ідэі захаваньня нацыянальнае культуры, навукі, роднае мовы й незалежнасьці краіны свайго паходжаньня. Увасабленьню гэтых ідэяў былі прысьвечаныя два зьезды беларусаў сьвету, шматлікія культурніцкія і навуковыя імпрэзы. Цяпер управа “Бацькаўшчыны” рыхтуе правядзеньне трэцяга зьезду, які згодна статуту Згуртаваньня мае адбыцца ў ліпені наступнага году.

“Дзяржава хоча перахапіць ініцыятыву правядзеньня зьезду й скарыстаць яе для стварэньня падкантрольнае сабе структуры беларускае дыяспары, якая будзе абслугоўваць інтарэсы цяперашняе ўлады”, — так ацаніла спробу ўладаў стварыць новую арганізацыю ў асяродках замежных суродзічаў сябра ўправы “Бацькаўшчыны” Галіна Сяргеева.

Яшчэ больш катэгарычна выказаўся на гэты конт таксама сябра ўправы Іван Саверчанка, які падкрэсьліў, што “Бацькаўшчыне” апошнія гады даводзіцца пераадольваць ціск дзяржавы, якая незадаволеная нацыянальна-незалежніцкай скіраванасьцю Згуртаваньня. Таму вырашыла стварыць альтэрнатыўнае аб’яднаньне ў дыяспары.

Іван Саверчанка паведаміў сёньня журналістам.

(Саверчанка: ) “На базе міністэрства ў справах рэлігіяў створана новая грамадзкая арганізацыя – Асацыяцыя “Сьвятло Радзімы”. Мы не прэтэндуем на манаполію працы з эміграцыяй, мы вітаем усіх людзей і гатовыя падзяліцца ўсімі накірункамі, досьведам і г.д. Але калі ствараецца грамадзкая арганізацыя, і яе кіраўніком становіцца міністар, то ў мяне ўзьнікаюць пытаньні як у грамадзяніна гэтай краіны – міністар мае бюджэт, і ён што, па-за праграмамі, дзяржаўныя грошы будзе неяк выкарыстоўваць?”

Сказаў Іван Саверчанка.

Сябры ўправы расцэньваць гэтыя крокі дзяржавы як спробу раскалоць дыяспару. Яны падкрэсьлілі, што пэўныя посьпехі ў расколе дыяспары дзяржава ўжо дасягнула, падзяліўшы яе на беларусаў далёкага й блізкага замежжа. Блізкае — гэта перш за ўсё Расея, у якой жыве больш за два мільёны нашых суродзічаў і ў якой дзейнасьць беларускіх уладаў падтрымалі дзяржаўныя структуры.

Супрацівам дзейнасьці “Бацькаўшчыны” сябры ўправы тлумачаць і складаныя фінанасавыя варункі згуртаваньня, з-за якіх прызначаная на 26-27 верасьня 4 міжнародная навукова-практычная канфэрэнцыя “Культура і адукацыя беларускага замежжа” пераносіцца на 6-7 сьнежня, пра сёньня таксама было паведамлена на прэсавай канфэрэнцыі.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG