Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У часе візыту іранскае ўрадавае дэлегацыі Мiнiстэрства замежных справаў Беларусi перайшло чамусьці на начны рэжым працы — прэсавая канфэрэнцыя ў вынiках паседжаньня iранска-беларускае камiсii эканамiчнага супрацоўнiцтва скончылася а 23:30. Незадоўга перад гэтым бакi падпiсалi шэраг дакумэнтаў…

А 23-й гадзiне менскага часу журналiстаў запрасiлi на цырымонiю падпiсаньня беларуска-iранскiх пагадненьняў, першым зь якiх чамусьцi стаў пратакол пра намеры памiж менскiм ЦУМам ды Цэнтральнай арганiзацыяй падрыхтоўкi тавараў да экспарту iранскага мiнiстэрства гандлю. Як высьветлiася пазьней, ва ўнiвермагу на сталiчным пляцы Якуба Коласа неўзабаве будуць гандляваць iранскiмi таварамi.

Далей былі больш важныя дакумэнты: дамова памiж Беларускай гандлёва-прамысловай палатаю ды iранскай мiжнароднай кампанiяй выставаў; пагадненьне пра банкаўскую дзейнасьць i плацяжы, што было не падпiсанае, а толькi парафаванае прадстаўнiкамi двух цэнтральных банкаў.

Пасьля падпiсалi мiжурадавае пагадненьне пра паветраныя зносiны (хутка на лiнii Менск-Тэгэран пачнуцца рэгулярныя авiярэйсы). І, нарэшце, мэмарандум пра ўзаемаразуменьне паводле вынiкаў паседжаньня супольнае беларускае-iранскае камiсii гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва. Апошнi дакумэнт падпiсалi сустаршынi камiсii — мiнiстар прамысловасьцi Беларусi Анатоль Харлап ды мiнiстар гандлю Iрана Магамад Шарыятмадары.

Iранскi мiнiстар быў вельмi задаволены позьняю працаю ў Менску i распавёў, што ягоная краiна будзе купляць у Беларусi прадукцыю машынабудаваньня, перш за ўсё трактары, а таксама мэдычнае абстальяваньне, ўгнаеньнi, i прадаваць галоўным чынам харчовыя тавары. Дамовiлiся i пра абмен выкладчыкамi. У Менску ва ўнiвэрсытэце ўжо працуе iранскi выкладчык персідзкае мовы, а ў розных беларускiх ВНУ ўжо навучаецца каля 300 iранскiх студэнтаў. Iран гатовы бясплатна вучыць у сябе 30 студэнтаў зь Беларусi.

Беларускi мiнiстар прамысловасьцi Анатоль Харлап спрагназаваў рэзкае павелiчэньне беларускага экспарту ў Iран:

«Ужо сёлета экспартныя пастаўкi прадукцыi машынабудаваньня ў Iран узрастуць удвая, ды агульны тавараабарот таксама павялiчыцца як мiнiмум на траціну», — сказаў спадар Харлап. Ён удакладнiў, што павялiчацца пастаўкi ў Iран хiмiчных валокнаў, падшыпнiкаў, мiкрасхемаў, абсталяваньня для нафтаздабычы. На iранскай тэрыторыi будуць вырабляць беларускiя трактары ды матацыклы.

Бакi адмовiлiся сказаць, цi ўлiчваюцца ў гэтых прагнозах пастаўкi ваенна-тэхнiчнае прадукцыi. Было заяўлена, што супольная камiсiя вайсковымi пытаньнямi не займаецца наогул, ды не займалася й цяпер.

Мiнiстар гандлю Iрана спадар Шарыятмадары паведаміў, што ў блiжэйшы час у Менску пачне працаваць іранская амбасада, а не пазьней як праз тры месяцы адбудзецца вiзыт мiністра замежных справаў Iрана ў Беларусь.

Юры Сьвiрко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG