У Менску ў амбасадзе Ізраіля адбылася ўрачыстая цырымонія ганараванья
Праведнікаў Народаў Сьвету — тых беларусаў, якія ў часе Другой Ўсясьветнай
вайны ратавалі габрэяў.
Сёньняшнюю цырымонію распачаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Пелед-Флэкс:
(Пелед-Флэкс: ) “Пад час чорных дзён тэрору, якія ўвайшлі ў гісторыю
пад назваю Галакост, гэтыя людзі рызыкавалі сваім жыцьцём і жыццём сваёй
сям’і ў гераічнай барацьбе супраць нацызму. Яны ратавалі іншых людзей,
габрэяў, якіх фашысты зьнішчалі толькі за тое, што яны нарадзіліся габрэямі”.
Гэта быў ізраільскі амбасадар Марцін Пелед-Флэкс, які сёньня ганараваў
беларускіх Праведнікаў Народаў Сьвету.
Адна зь іх — Надзея Салаўёва зь Менску. Яна дагэтуль лічыць, што не
зрабіла нічога асаблівага.
(Салаўёва: ) “Я лічу, што кожны чалавек павінен зрабіць чалавечае. Я
не лічу, што мы зрабілі нешта саблівае”.
Гэта была Надзея Салаўёва. Пад час вайны яна разам з маці Ганнай Крэзо
жыла ў Менску. У сакавіку 43-га году ў іх дом прыйшла Ліза Рудэрман. Яна
прывяла свайго малога сына Лёню. Ліза адчувала, што ня выжыве ў гета, і
спрабавала выратаваць сына. Яна пакінула малога ў Надзеі і яе маці. Празь
некаторы час Ліза Рудэрман загінула ў гета. А маленькі Лёня жыў з Ганнай
і Надзеяй увесь час акупацыі. Пасьля вайны высьветлілася, што ягоны бацька
загінуў на фронце, і тады Ганна ўзяла апякунства над Лёнем Рудэрманам.
Ён жыў у іх сям’і да 1963 году.
Сёньня рашэньнем адмысловае камісіі мэмарыяльнага Інстытуту Катастрофы
й Гераізму эурапейскага габрэйства “Яд Вашэм” Ганьне Крэзо і яе дачцы Надзеі
Салаўёвай прысвоена ганаровае званьне Праведнік Народаў Сьвету. Таксама
Праведнікамі прызнаныя беларусы Антаніна Рудакова, Адам Вярбіцкі, Кандрат
Лялькоў і ягоная дачка Вольга.
Сёньня ў сьвеце вядома больш за 16 тысяч Праведнікаў. За час працы ізраільскай
амбасады ў Беларусі з кастрычніка 1993 году больш за трыста жыхароў Беларусі
прызнаная Праведнікамі Народаў Сьвету.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1