Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міністэрства аховы здароўя Беларусі абнародавала дадзеныя, якія тычацца будучыні нашае краіны, а дакладней — дзяцей як гэнафонду любое нацыі. Дадзеныя маласуцяшальныя: паводле беларускіх лекараў, колькасьць народжаных з добрым здароўем дзяцей цягам апошніх гадоў зьнізілася на 75%.

Толькі дзьве адсоткі нованароджаных у Менску летась мэдыкі аднесьлі да першай групы здароўя. Усё часьцей фіксуюцца адхіленьні ад нормы ня толькі ў фізычным, але й псыхічным стане дзяцей. Дзіцячыя лекары лічуць, што становішча можна было б выправіць, калі б не адна акалічнасьць. І, як ня дзіўна, гэтай акалічнасьцю зьяўляецца школа. Адмысловыя назіраньні паказалі, што за пяць першых гадоў навучаньня колькасьць здаровых вучняў скарачаецца напалову, а за ўвесь навучальны пэрыяд — у пяць разоў.

Я запытаўся ў выкладчыцы 1-й гімназіі, кляснае кіраўніцы Тацяны Асташэвіч, ці не перабольшваюць лекары?

(Асташэвіч: ) “Калі пачынаецца разсадка вучняў у клясе, дык на першых партах мусіць сядзець амаль 70% школьнікаў: да пятае клясы ня больш, чым у 3-4 чалавек зрок застаецца на паказьніку “адзінка”. Калі зазірнуць у мэдычныя карты, дык знойдзеш цэлы букет хваробаў, нават язву страўніка. Гастрыт наогул ледзь не ва ўсіх”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сапраўды ў тым ёсьць і віна школы?”

(Асташэвіч: ) “І гэта таксама. Нагрузкі вельмі вялікія, а харчаваньне, наадварот, жудаснае. Бацькі там-сям зьбіраюць грошы на ўзмоцненае харчаваньне, але дзеці, як сьлед, такую страву есьці адмаўляюцца. Мне здаецца, што дзяржава падтрымлівае гэтак званы школьны “общепит” толькі дзеля працаўладкаваньня вялікае колькасьці цётак. Усё робіцца пад прымусам: якасьць харчаваньня не паляпшаюць, а вымушаюць харчавацца ў загадным парадку”.

Гаварыла выкладчыца 1-й гімназіі Менску Тацяна Асташэвіч.

Нават дзяржаўныя асобы сьведчаць, што ў Беларусі дагэтуль ня створаная індустрыя дзіцячага харчаваньня. Намесьнік міністра аховы здароўя Ларыса Сакалоўская непакоіцца, што ў крамах няма адмысловых дзіцячых прадуктаў, практычна адсутнічаюць лекавыя харчовыя прадукты, але ня можа адказаць, хто мусіць сытуацыю кардынальна зьмяніць. Дзяржаўная адмежаванасьць паступова набыла жахлівыя рысы: да гэтага году ледзь ня кожны дзень прынамсі ў гарадзкіх школах фіксаваліся выпадкі, калі дзеці з голаду гублялі прытомнасьць.

Толькі ўвядзеньне абавязковых экспрэс-сьняданкаў крыху лякалізавала нечаканую навалу. Але сухія пайкі паступова выклікаюць іншую бяду: імкліва прагрэсуюць хваробы страўніка, што раней лічыліся выдаткам пераважна студэнцкае непераборлівасьці. Такім чынам, здароўе беларускіх дзяцей аддадзенае на водкуп ім жа самім.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG