Канфлікт у 146-й менскай гімназіі: у адну клясу злучаныя вучні, якія
да гэтага шэсьць гадоў навучаліся на розных мовах.
Ад першае па шостую клясу ўлучна 6 “Г” кляса менскае школы №146 была
беларускамоўнаю. Перад ёю па-беларуску вучыцца яшчэ адная кляса. За ёю
на родную мову навучаньня набору ў гэтай школе не праводзілася. Напрыканцы
мінулага навучальнага году школа набыла расейскамоўны гімназычны статус.
Вучням беларускіх клясаў дазволілі здаваць іспыты ў гімназычныя клясы
па-беларуску. Але працягваць вучобу ў іх далей — па-расейску. Частка вучняў
і бацькоў 6 “Г” клясы палічыла для сябе такія ўмовы дыскрымінацыйнымі ды
запатрабавала ад раённых ды гарадзкіх адукацыйных уладаў захаваць мажлівасьці
працягу навучаньня ў ранейшым моўным рэжыме і не далучаць да іх зь іншых
клясаў расейскамоўных вучняў, якія не прайшлі гімназычны адбор.
Такія гарантыі ў лістох за подпісамі загадчыцы аддзелу адукацыі Маскоўскага
раёну Гарбуновай ды начальніка аддзелу адукацыі гарадзкога выканкаму Ціцянкова
ў чэрвені былі атрыманыя. Аднак 1 верасьня беларускамоўныя вучні былое
6 “Г”, а цяпер 7 “В” клясы апынуліся за партамі побач з расейскамоўнымі
аднаклясьнікамі. Так распарадзілася дырэктарка спадарыня Кісялёва.
На моўнай глебе адразу ж паўстаў канфлік, дзеля палагоджаньня якога
4 верасьня быў скліканы бацькоўскі сход. Які, аднак, высьветліў цьвёрдае
жаданьне абедзьвюх частак клясы патрабаваць кожнаму сваё.
Вось як патлумачыў сытуацыю бацька вучаніцы беларускамоўнае часткі клясы
Авяр’ян Дзеружынскі.
(Дзеружынскі: ) “Дырэктар ужо рускамоўнай гімназіі №146 спадарыня Кісялёва
Ала Васільеўна зрабіла гэта наўмысна для таго, каб наогул дыскрэдытаваць
беларускамоўнае навучаньне і сталкнуць ілбамі дзетак рускамоўных і беларускамоўных
праз іх бацькоў. Гэта недапушчальна з этычнага пункту погляду, і з пункту
гледжаньня маіх законных патрабаваньняў, майго канстытуцыйнага права на
беларускамоўнае навучаньне дзіцяці”.
Сёньня спадар Дзеружынскі зьвярнуўся зь лістом да начальніка ўправы
адукацыі Менскага гарадзкога выканкаму спадара Ціцянкова з патрабаваньнямі
захаваць беларускамоўны рэжым навучаньня ў 7 “В” клясе і не далучаць да
яе расейскамоўных вучняў. Бацькі якіх, як нам стала вядома, патрабуюць
ад уладаў адваротнага. Канфлікт працягваецца.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1