Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка “Рабочы”.

“Шахтары Беларусі: як жыць далей?” – з гэтага пытання пачынаецца нумар. У апошнюю нядзелю жніўня Беларусь адзначыла Дзень шахтара. Адзінае горнае прадпрыемства ў краіне – гэта вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій”. Сваё сьвята шахтары сустрэлі без энтузыязму. “Белкалій” амаль банкрут. 72% усіх машын і мэханізмаў зношаны, дзяржава абавязвае шахтараў прадаваць сваю прадукцыю унутры краіны па цане ў 10 разоў ніжэй сабекошту, адбірае частку валютных паступленьняў. Яшчэ два гады – і прадпрыемства можа спыніць работу канчаткова.

Трэцяя старонка газэты “Рабочы” – “Маё права”. На гэтай старонцы прадстаўленая адна з самых вядомых праваабарончых арганізацый – “Цэнтар правоў чалавека” і зьмешчанае інтэрвію з кіраўніком Цэнтра Верай Страмкоўскай. “Мы не ваюем з чыноўнікамі, а проста хочам жыць па законе”, – кажа праваабаронца.

Напярэдадні новага навучальнага году газэта зьмясьціла інтэрвію з дырэктарам Менскай сэрядняй школы №2 Аляксандрам Сядзякам. Гэта чалавек, у якога баліць сэрца за сваіх вучняў, за сваю Беларусь. Сядзяка кажа: “У краіне толькі 29% вучняў займаюцца па-беларуску. У Менску у беларускамоўныя клясы пайшлі вучыцца 4% першаклясьнікаў. Дзяржава ніяк ня можа сфармуляваць для школы сацыяльны заказ, бо сама ня ведае, у які бок рухацца”. “Сваёй школы у нас няма, – канстатуе экспэрт Асацыяцыі “Аднаўленне гуманітарнай адукацыі” Уладзімер Мацкевіч. – Калі мы самавызначаемся ў Эўропе, трэба ўводзіць эўрапейскі стандарт адукацыі, які дасьць нам новага беларуса – жыхара ХХІ стагодзьдзя.

Пятая старонка – тэматычная. Яна прысьвечаная пытаньням здароў’я. Газэта папярэджвае пра набліжэньне эпідэміі сухотаў. “Што адбылося? Што цяпер рабіць? Ці можам мы самі дапамагчы сабе?”. Вось тры пытаньні наконт сухотаў, на якія адказвае мэдыцынскі экспэрт, лекар Аляксандар Андрэйчук.

Шостая паласа “Мая краіна” прадстаўляе найбуйнейшы апазыцыйны рух беларускай моладзі – Малады фронт, яго ідэю, яго дзейнасьць, яго каманду.

Сёмая старонка – “Мой сусьвет” – аналізуе сытуацыю ў Расеі ў дачыненьні да Беларусі. На восьмай, апошняй, старонцы – традыцыйны “Беларускі каляндар”, які распавядае пра Міхала Карыбута Вішнявецкага, караля і вялікага князя, які займае сваё месца ў шэрагу гаспадароў польскіх і беларускіх.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG