Цэлы тыдзень Аляксандар Лукашэнка правядзе за акіянам. 2 верасьня ён
адбудзе з другім замежным афіцыйным візытам сёлета. Гэтым разам на Кубу.
А пасьля сустрэчаў зь Фідэлем Кастра Лукашэнка пераляціць у Нью-Ёрк на
“саміт тысячагодзьдзя”, што арганізоўваецца ААН. Двухбаковых кантактаў
зь лідэрамі разьвітых краінаў у Лукашэнкі не прадбачыцца й тут.
Паводле геаграфіі візытаў Лукашэнкі можна вывучаць ягоныя геапалітычныя
сымпатыі: Расея, Віетнам, Югаславія ды шэраг краінаў-ізгояў міжнароднае
супольнасьці. Цяпер вось Куба. Сёлета ж увогуле Лукашэнку запрасілі з афіцыйным
візытам толькі ў другі раз. Перад гэтым яшчэ ў сакавіку ён наведваў Аб’яднаныя
Арабскія Эміраты. Той візыт запомніўся тым, што ў адсутнасьць Лукашэнкі
на Дзень Волі ў Менску былі арыштаваныя сотні людзей.
На Кубе Лукашэнка прабудзе ажно чатыры дні з 2 па 5 верасьня, правядзе
перамовы, наведае розныя прадпрыемствы і арганізацыі. Разам зь Фідэлям
Кастра Лукашэнка падпіша дамову пра дружбу й супрацоўніцтва, а міністры
замежных справаў — пагадненьне пра эканамічнае супрацоўніцтва. Заўважыць,
што нельга сказаць, нібыта Куба зьяўляецца важным гандлёвым партнэрам Беларусі.
Паводле інфармацыі з МЗС таваразварот з гэтай краінаю складае ўсяго некалькі
мільёнаў даляраў штогод.
З 6 па 8 верасьня Лукашэнка будзе прадстаўляць Беларусь на буйнейшым
саміце кіраўнікоў сьвету, арганізаваным ААН, там ён выступіць з прамоваю
і будзе мець некалькі двухбаковых сустрэчаў зь лідэрамі іншых краінаў.
У Міністэрстве замежных справаў пакуль не гатовыя назваць сьпіс гэтых
дзяржаваў, аднак ужо вядома, што сярод іх няма прадстаўнікоў Заходняй Эўропы
ці іншых індустрыйна разьвітых і дэмакратычных краінаў сьвету. Відавочна,
што і ў Нью-Ёрку Лукашэнка абмяжуецца сустрэчамі выключна са сваімі геапалітычнымі
партнэрамі.
Пра прычыны падобнай ізаляцыі Аляксандра Лукашэнкі выказаўся прэсавы
сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:
(Латушкі: ) “Вы ведаеце аб тым рашэньні, якое было прынятае эўрапейскімі
структурамі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь зацікаўленая
як у кантактах з эўрапейскімі краінамі, так і са сваім бліжэйшым суседам
Расеяй. Але двухбаковыя зьнешнепалітычныя стасункі залежаць і ад другога
боку”.
Гэта быў прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал
Латушка.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1