Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Чарговым скарачэньнем беларускамоўнага школьніцтва распачаўся сёньня ў школах краіны новы навучальны год. Як выглядае сытуацыя з наборам у падрыхтоўчыя ды першыя клясы з навучаньнем на роднай мове ў Менску?

Хто з нас ня памятае гэтую мэлёдыю першаверасьнёўскага званка. Аднак у руках чароўнае Настачкі ён абвяшчае ня толькі пачатак новага, ужо школьнага жыцьця, але й перамогу ейных таты і мамы, атрыманую разам зь іншымі бацькамі ў колькімесяцавым змаганьні за права атрымліваць асьвету ў роднай мове ў цэнтры роднага горада. Званок у руках Настачкі абвяшчае, што ў цэнтры беларускае сталіцы ўпершыню пасьля травеньскага (1995 году) рэфэрэндуму адна са школаў – 23-ая – зноў правяла набор на беларускамоўнае навучаньне. Распавядае бацька Насьцінай аднаклясьніцы Юстынкі Зьміцер Саўка.

(Саўка: ) “Усё запачаткавалася яшчэ ўсярэдзіне зімы, калі сабраўся гарадзкі бацькоўскі камітэт з мэтай усё ж паправіць сытуацыю ў беларускім школьніцтве, і адразу зрабілі стаўку на школу, якая павінна быць у цэнтры і ў будучым стацца беларускамоўнай гімназіяй. Улады, трэба сказаць, недзе ўсё ж такі пайшлі нам насустрач. Пасьля пошукаў дзядзей (гэтьа самая вялікая праблема была) нам удалося сабраць клясу – вось я палічыў зараз – 18 чалавек. Я лічу гэта вялікім посьпехам гарадзкога бацькоўскага камітэту”.

Пажадаем жа новаму папаўненьню беларускіх вучняў 23-й школы ня мець тых праблемаў з моваю свайго навучаньня, якія спатыкаюць іхных сяброў кожны верасень за часы ўлады Лукашэнкі.

Не ва ўсіх 32-х менскіх школах, якія вялі сёлета прыём у падрыхтоўчыя клясы на беларускую мову навучаньня, яны адчыненыя. Як сказала нам намесьніца начальніка гарадзкое ўправы адукацыі Ала Фралова, хаця дакладнай інфармацыі пра колькасьць беларускіх школаў, клясаў ды вучняў у сталіцы яшчэ няма, аднак ужо вядома, што іх будзе менш, чым меркавалася.

Тэндэнцыя да скарачэньня беларускамоўнага набору відавочная. Клясы адчыненыя ў тых школах, дзе, як у 23-й, аказаліся настойлівымі бацькі, або ў тых, дзе прынцыпова ставяцца да гэтага дырэктары.

Гаворыць старшыня менскае гарадзкое рады Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, якая сёньня прысутнічала на “Сьвяце ведаў” у 4-й менскай нацыянальнай гімназіі.

(Анісім: ) “Я сёньня была ў дырэктара, Бандарэнкі Юрыя Міхайлавіча. Ён мяне, як маці, пасьпяшаўся запэўніць: “Пакуль я тут ёсьць, мы не набіраем рускіх клясаў. Тры падрыхтоўчыя клясы сёлета набраныя з беларускай мовай навучаньня”.

А вось зь першаклясьнікамі ў гімназіі адразу ж узьніклі праблемы. Алена Анісім працягвае.

(Анісім: ) “Два першыя клясы, якія набраныя летась, – і ў гэтых клясах па 16 чалавек. Ад райана, ад райфінаддзелу паступіла прапанова гэтыя клясы аб’яднаць у адзін кляс. Дырэктарам загадалі ў гутарках з бацькамі прапанаваць ім пераводзіць дзяцей у іншыя школы. Я патэлефанавала загадчыцы Фрунзенскага райана Васілені Галіне Мітрафанаўне. Яна сказал, што пакуль зьнішчаць ня будуць, будуць дабіраць дзяцей”.

Сказала старшыня менскае гарадзское рады ТБМ Алена Анісім.

Сытуацыю зь беларускамоўным школьніцтвам, якая складваецца ў сталіцы краіны, яна абяцала мець няспынным клопатам гэтай грамадзкай арганізацыі.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG