Дэлегацыя Аб’яднанае Грамадзянскае партыі наведала сёньня Маскву. Кіраўнікі
АГП абмеркавалі з уплывовымі расейскімі палітыкамі сытуацыю ў Беларусі
ды дамовіліся пра супрацоўніцтва.
Дэлегацыя Аб’яднанае Грамадзянскае партыі ў складзе Анатоля Лябедзькі,
Аляксандра Дабравольскага і Паўла Данэйкі мела сустрэчы зь лідэрам фракцыі
“Саюз правых сілаў” Дзярждумы Барысам Нямцовым, віцэ-прэзыдэнтам “Альфа-банку”
Алегам Сысуевым, а таксама з дарадцамі Анатоля Чубайса і прадстаўнікамі
адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна.
Кіраўнікі Аб’яднанае Грамадзянскае партыі паінфармавалі расейскіх палітыкаў
пра тое, у якіх умовах адбываліся выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”,
а таксама вялі гутарку пра пэрспэктывы, зьвязаныя з будучымі прэзыдэнцкімі
выбарамі ў Беларусі. Абмяркоўваліся і іншыя праблемы. Вось што паведаміў
нашаму радыё па тэлефоне з Масквы лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Мы на апошнім сваім зьезьдзе яшчэ ў красавіку прынялі
рашэньне аб сыстэмнай працы на расейскім палітычным рынку. І з гэтага часу
намагаемся працаваць менавіта сыстэмна, ствараючы, хай і невялічкае, прабеларускае
лобі. Ужо ёсьць пэўныя посьпехі. Такія сустрэчы ў нас адбываюцца прыкладна
раз на два месяцы, але рэгулярна. Мы дамовіліся аб правядзеньні круглага
стала ў Менску на пачатку наступнага году. Прыедуць прадстаўнікі правых
сілаў на чале з Нямцовым, а таксама прадстаўнікі расейскага “Яблока”. І
з нашага боку будзе прадстаўленая аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя. Мы
паспрабуем выпрацаваць стратэгію правага погляду на беларуска-расейскія
адносіны”.
Лідэру “Саюзу правых сілаў” Барысу Нямцову беларускія апазыцыянэры таксама
перадалі выніковыя дакумэнты ў справе восеньскіх выбараў эўрапейскае парлямэнцкае
“тройкі” і місіі тэхнічнай ацэнкі БДІПЧ. Паводле Антоля Лябедзькі, гэтыя
дакумэнты выклікалі вялікую цікавасьць у спадара Нямцова, і ён абяцаў накіраваць
іх у расейскія мэдыі.
Сябры беларускае дэлегацыі таксама паведамілі, што дамовіліся зь лідэрам
“Саюзу правых сілаў” пра далейшае супрацоўніцтва над агульнымі палітычнымі
праектамі.
Пра сустрэчы з былым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта
Расеі ды цяперашнім віцэ-прэзыдэнтам “Альфа-банку” Алегам Сысуевым, а таксама
з дарадцамі Анатоля Чубайса і Ўладзімера Пуціна Анатоль Лябедзька паведаміў
менш, сказаўшы толькі, што з гэтымі палітыкамі й кіраўнікамі ўплывовых
фінансава-прамысловых групаў абмяркоўвалася агульная стратэгія дзеяньняў
беларускай апазыцыі, у тым ліку ў часе прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі.
Анатоль Лябедзька працягвае:
(Лябедзька: ) “Мы працуем на расейскім палітычным рынку, а гэта ўключае
ў сябе розныя фрагмэнты: і палітыкаў, і бізнэс, і наогул проста актыўных
людзей.”
(Кар.: ) “Ці можна гаварыць пра тое, што пэўная частка расейскай палітычнай
эліты ўжо не падтрымлівае адназначна Лукашэнку і не гаворыць, што ў Беларусі,
апрэч Лукашэнкі, сур’ёзных палітыкаў няма?”
(Лябедзька: ) “Ёсьць усе падставы заяўляць менавіта так. І гэта якраз
вынік такой працы.”
Ён таксама дадаў, што ў дэлегацыі заплянаваныя сустрэчы і з кіраўніцтвам
шэрагу расейскіх СМІ. Лідэры АГП хацелі б дамовіцца пра газэтныя плошчы
й тэлерадыёэфір для прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Анатоль Лябедзька
гаворыць, што стасункі з расейскай палітычнай элітаю яны зьбіраюцца будаваць
на падмурку доўгатэрміновых інтарэсаў Беларусі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1