Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міністар замежных справаў Беларусі Ўрал Латыпаў зрабіў чарговую справаздачу Аляксандру Лукашэнку.

Абмяркоўвалася некалькі пытаньняў — пра візыт Латыпава ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, які адбыўся на мінулым тыдні, а таксама пра візыт Лукашэнкі ў Лівію, які пачнецца заўтра. Ня выключана, што йшла размова й пра рэакцыю міжнароднае супольнасьці на выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” і далейшую стратэгію беларускага кіраўніцтва ў сьвеце. Праўда, на пытаньне пра тое, ці абмяркоўвалася такая стратэгія, у міністэрстве замежных справаў сказалі толькі, што гэта не было ўнесена ў афіцыйны парадак дня.

Калі б МЗС не займалася замежнапалітычнай дзейнасьцю, яму проста не было б чым займацца. Міністар Латыпаў, напрыклад, пад час візыту ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ў асноўным абмяркоўваў пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва. Сёньня гандаль паміж дзьвюма краінамі невялікі і складае ўсяго каля паўтары мільёнаў даляраў.

Падрабязнасьці эканамічных перамоваў шырока не паведамляюцца, аднак, хутчэй за ўсё, гутарка вялася пра магчымасьць паставак алмазаў на перапрацоўку на гомельскі завод “Крышталь”. Раней Беларусь атрымлівала афрыканскія алмазы праз Расею. Але пасьля таго, як Расея адмовілася ад супрацоўніцтва з кампаніяй Дэ Бірс, Беларусь можа наладзіць супрацоўніцтва асобна з Расеяй і з Дэ Бірс.

Другое пытаньне — пра візыт Лукашэнкі ў Лівію. Хутчэй за ўсё, з Муамарам Кадафі беларускі кіраўнік будзе абмяркоўваць і палітычнае супрацоўніцтва. Аднак пра гэта пакуль не паведамляецца. Сам Лукашэнка казаў пра тое, што яго пад час візыту будзе цікавіць у першую чаргу эканамічны бок супрацоўніцтва.

Што тычыцца супрацоўніцтва з Захадам, дык рэакцыя міжнародных структураў на вынікі выбараў у Беларусі для кіраўніцтва краіны, хутчэй за ўсё, была нечаканаю. Апошнім часам беларускае кіраўніцтва спрабавала наладзіць неафіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі Захаду, аднак ужо пасьля першага туру эўрапейскія дыпляматы ў неафіцыйных гутарках казалі, што такіх кантактаў цяпер таксама ня будзе.

Пасьля першага туру выбараў нават зьявіліся чуткі пра тое, што Ўрал Латыпаў пойдзе ў адстаўку. Чуткі пакуль не пацьвердзіліся, але задача, якую Аляксандар Лукашэнка паставіў перад Латыпавым, прызначаючы яго міністрам — наконт аднаўленьня нармальных стасункаў з Захадам — застаецца ня выкананаю.

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG