Напярэдадні ўшанаваньня памяці загіблых у Курапатах наш карэспандэнт
размаўляў на вуліцах Менску зь людзьмі, каб даведацца, як сёньня менчукі
ўсьведамляюць злачынства, зьдзейсьненае напрыканцы 30-х гадоў.
Што значыць для іх само слова — Курапаты — і якім чынам трэба захоўваць
памяць пра бязьвінна загіблых людзей? Думкі й меркаваньні людзей прадстаўляе
Ягор Маёрчык.
Усе, да каго я зьвяртаўся з пытаньнямі, добра ведаюць гэтае слова —
Курапаты. І для ўсіх яно — не пусты гук. Людзі ўсведамляюць урочышча на
ўскрайку Менску як сымбаль. Іншая рэч, што зьмест укладваюць у яго розны.
(Мужчынскі голас 1: ) “Курапаты – гэта месца, дзе камуністы ў свой час
растрэльвалі людзей. Асабіста для мяне – памяць пра прадзеда, якога вывезьлі
невядома куды за Ўрал, і нават ня ведаем, дзе ягоная магіла знаходзіцца.
Гэта, пэўна, такое своеасаблівае месца, дзе можна ўспомніць усіх, растраляных
камуністамі.”
(Мужчынскі голас 2: ) “Для мяне гэта не пусты гук. Курапаты – гэта адлюстраваньне
той сыстэмы. Гэта жахлівае злачынства, якому цяжка прыдумаць назоў.”
(Мужчынскі голас 3: ) “Ніхто дакладна ня ведае, але там было растраляна
прыблізна каля 200 тысячаў чалавек. Гэта ж былі самыя лепшыя людзі.”
З размоваў станавілася зразумелым, прычынаю розных поглядаў ёсьць тое,
што ў апошнія гады ўлады паставілі пад сумнеў факт расстрэлу сталінскім
рэжымам у Курапатах блізу 200 тысячаў чалавек. Апошнія пракурорскія спраўджваньні
зрабілі выснову, зручную для цяперашняе ўлады: масавыя растрэлы — справа
рук фашыстаў. Вось і людзі, зь якімі я размаўляў падзяліліся ў падтрымцы
тае ці іншае вэрсіі.
(Мужчынскі голас 4: ) “Гэта ўсё брахня, што там камуністы нібыта рабілі.
Нацысты, а не камуністы. Я так лічу, і так яно і ёсьць!”
(Жаночы голас 1: ) “Я жыву ў гэтым раёне, і мы ў гэтым лесе зьбіралі
маліну – дык усё правальваліся ў гэтыя ямы і не разумелі, што там было…”
(Мужчынскі голас 5: ) “Яшчэ невядома, хто каго там забіваў і растрэльваў,
таму казаць пра вялікія ахвяры – гэта яшчэ не даказана”.
Але, нягледзячы на рознае разуменьне таго, што і калі адбылося ў Курапатах,
людзі адзінадушныя ў адным: чыімі б ахвярамі ні былі забітыя, памяць іх
мусіць быць належным чынам ушанаваная. А вось ацэнка дзеяньняў улады, якая
за 12 год, з дня, калі стала вядома, што ўрочышча Курапаты — гэта вялікая
братэрская магіла, так і не збудавалі там мэмарыялу, розная.
(Мужчынскі голас 6: ) “Гэта зроблена, хутчэй, не наўмысна. Гэта проста,
так бы мовіць, “раздалбайства” нашых уладаў і ўвогуле – нежаданьне ўзгадваць
пра тое, што там адбывалася і спроба гэта прыхаваць. Як кожны палеглы жаўнер
павінен мець помнік, так і кожны чалавек, які нават у брацкай магіле загінуў
– павінен мець помнік”.
(Жаночы голас 2: ) “Гэта дужа дрэнна, калі нашы ўлады гэтак ставяцца
да гэтай гісторыі, гэтай болі, гэтай крыві. Дужа дрэнна!”
(Мужчынскі голас 7: ) “Людзям напляваць на гісторыю…”
Апытаньне на вуліцах Менску праводзіў
Ягор Маёрчык
Самае папулярнае
1