Паводле дадзеных Магілеўскай абласной выбарчай камісіі, на 14 гадзінаў
у рэгіёне прагаласавала 26% выбаршчыкаў. У чатырох з сямі выбарчых акругаў,
дзе сёньня праходзіць другі тур, выбары ўжо адбыліся.
Самая вялікая актыўнасьць рэгіструецца традыцыйна ў сельскіх раёнах:
Баруйскім і Горацкім. У апошнім толькі за 4 ранішнія гадзіны, паводле афіцыйных
дадзеных, прагаласавала да 23% выбаршчыкаў. У мінулую пятніцу ў сельгасакадэміі
Аляксандру Лукашэнку зрабілі справаздачу, што выбары, хутчэй за ўсё, выйграе
дацэнт ягонай альма-матэр.
У Бабруйскім раёне фаварытам улады зьяўляецца старшыня камісіі па заканадаўству
так званай палаты прадстаўнікоў. Суперніцай яго зьяўляецца інжынэр аднаго
з мясцовых заводаў.
Улады сьцьвярджаюць, што выбары адбыліся і ў дзьвюх гарадзкіх выбарчых
акругах – тут выбары безальтэрнатыўныя.
Лідару выбарчай гонкі ў Бабруйскай Ленінскай акрузе Эдуарду Нарышкіну
было прапанавана крэсла ў так званым савеце рэспублікі, каб ён не перашкаджаў
намесьніку старшыні парляманцкай камісіі па міжнародных суявязях.
Праз некалькі дзён зьняў сваю кандыдатуру і вядомы Магілеўскі прадпрымальнік
Барыс Шухман – нібыта па стане здароўя, а насамрэч у імкненьні ўратаваць
сваё прадпрыемства ад шквалу праверак.
Старшыня Магілеўскага гарсавету засталася ў Магілеўскай Кастрычніцкай
акрузе адна, і, паводле афіцыйных дадзеных, выбары ўжо адбыліся.
УМагілеўскай вобласьці міжнародныя назіральнікі сёньня не працуюць.
Толькі свае – ад грамадзкіх арганізацыяў. Аб’яднаньне “Гуманітарная ініцыятыва”
на другім туры зьмяніла тактыку назіраньня: сёньня яе прадстаўнікі працуюць
толькі на праблемных выбарчых участках, дзе на першым туры пратаколы запаўняліся
алоўкамі. Прычым больш за ўсё гэтых і іншых парушэньняў рэгістравалася
на ўчастках у сярэдніх школах, дзе настаўнікі пакорліва выконваюць усё,
што загадае начальства.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
Самае папулярнае
1