Сапраўдная чыноўніцкая карусель закруцілася вакол выпуску
ўлётак да другога туру галасаваньня кандыдата ў дэпутаты ў гомельскай Сяльмашаўскай
выбарчай акрузе №34, прафэсара катэдры фізыкі ўнівэрсытэту транспарту Валянціны
Савасьценка.
Напачатку выпуск ўлётак стрымлівала з розных прычынаў акруговая камісія.
А ўчора 15 тысячаў надрукаваных асобнікаў са зваротам да выбаршчыкаў канчаткова
былі заблякаваныя на фабрыцы “Палесдрук”. Вось як напачатку патлумачыла
гэта галоўны інжынэр фабрыкі Ларыса Пратасенка:
«Нам кожная капеечка дарагая. Я сказала прадстаўнікам кандыдата: калі
ласка, аплаціце заказ. Аплаціце — і сёньня ж атрымаеце ўлёткі», — сказала
спадарыня Пратасенка.
Тут жа, у кабінэце інжынэра, адбылася перамова па тэлефоне на падвышаных
інтанацыях кандыдата ў дэпутаты з бугальтарамі фінансавага аддзелу адміністрацыі
Чыгуначнага раёну. Бюджэтныя грошы памерам 56,9 тысячы рублёў неўзабаве
былі пералічаныя фабрыцы. Аднак ўлёткі забараніў выдаваць ужо сам дырэктар
Віталь Штульман… — яго з гэтае нагоды адмыслова выклікаў да сябе намесьнік
старшыні гарадзкога выканкаму ў справе інфармацыі Валеры Зашчук.
Па ўсяму відаць, уладным чыноўнікам прыйшоўся не да спадобы зьмест улётак.
Валянціна Савасьценка прыводзіла вялікую вытрымку з выступу Аляксандра
Лукашэнкі на апошняй сэсіі “Палаты прадстаўнікоў”. Кіраўнік дзяржавы досыць
нэгатыўна адклікнуўся пра дзейнасьць канцэрну “Белрэсурсы”, які ўзначальвае
дэпутат Юры Астапчанка.
Цяпер спадар Астапчанка зноўку прэтэндуе на дэпутацкі мандат ў гомельскай
Сяльмашаўскай акрузе №34 і супернічае з Валянцінаю Савасьценкай у другім
туры галасаваньня.
Уладныя структуры адкрыта падыгрываюць Астапчанку і, відавочна, не зацікаўлены,
каб інфармацыя праз улёткі адносна дзейнасьці канцэрну “Белрэсурсы” дайшла
да шырокага кола выбаршчыкаў.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1