Эўрапейская камісія, атрымаўшы скаргу асацыяцыі вытворцаў угнаеньняў
Эўропы, распачала супраць Беларусі ды яшчэ 9 краінаў антыдэмпінгавае расьсьледаваньне
ў справе імпарту мачавіны (карбаміду). Беларускі бок, паводле Міністэрства
замежных справаў, гатовы ў часе гэтага расьсьледваньня супрацоўнічаць з
Эўрапейскай камісіяй.
Эўрапейская асацыяцыя вытворцаў угнаеньняў зьвярнулася ва ўрад Эўразьвязу
са скаргаю на дэмпінг з боку 10 дзяржаваў, якія ўвозяць мачавіну (або карбамід)
з заніжаным коштам. У сьпісе, акрамя Беларусі, ёсьць яшчэ Ўкраіна, Польшча,
Эстонія, Летува, Баўгарыя, Румынія, Харватыя, а таксама Егіпет і Лівія.
Эўрапейская камісія вырашыла распачаць антыдэмпінгавае расьсьледваньне
супраць гэтых краінаў, бо імпарт адтуль нэгатыўна паўплываў на фінансавае
становішча ды занятасьць у гэткай жа прамысловасьці дзяржаваў ЭўраЗьвязу.
Вось як пракамэнтаваў сытуацыю прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:
(Латушка: ) “Беларусь – адна зь некалькіх краінаў, адносна якіх узбуджанае
антыдэмпінгавае расьсьледваньне. Наколькі нам вядома, гэта некалькі краінаў,
у тым ліку і краіны Эўропы. Беларускі вытворца, у дачыненьні якога ўзбуджанае
гэтае антыдэмпінгавае расьсьледаваньне (хачу тут падкрэсьліць, што гэта
не ў адносінах да дзяржавы, а ў адносінах да вытворцы прадукцыі), будзе
супрацоўнічаць з Эўрапейскай камісіяй пад час расьсьледаваньня, ў тым ліку
для яго аб’ектыўнага правядзеньня”.
Гаварыў Павал Латушка, які сёньня ладзіў брыфінг у Міністэрстве замежных
справаў.
Адзіным беларускім вытворцам мачавіны, якая ідзе на экспарт у Эўрапейскі
Зьвяз, ёсьць Гродзенскае вытворчае аб’яднаньне “Азот”. У аддзеле маркетынгу
гэтага прадпрыемства мне адмовіліся назваць хоць бы якія лічбы, што характарызуюць
экспарт карбаміду ў краіны ЭўраЗьвязу, але паведамілі, што ведаюць пра
адпаведнае рашэньне Брусэлю.
Аднак спадар Латушка адную лічбу ўсё ж падаў:
(Латушка: ) “Аб канкрэтных лічбах, нейкіх грошах я не магу гаварыць.
Я магу гаварыць толькі пра тое, што доля гэтай прадукцыі на рынках Эўрапейскага
Зьвязу складала каля 6 адсоткаў. Важна адзначыць, што ня ўсе з гэтых 6
адсоткаў імпартаваліся і прадаваліся ў Эўрапейскі Зьвяз з парушэньнем заканадаўства.
Якраз антыдэмпінгавае камісія, гэтае расьсьледаваньне гэта ўсё праверыць
і зробіць свае высновы”.
Гэта быў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1