Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Карупцыю называюць сапраўднай чумой сучаснасьці. Сваім аналізам гэтага працэсу дзеліцца на старонках Wall Street Journal былы прэм’ер і Міністар фінансаў Польшчы, а цяпер – старшыня кансультатыўнай групы Ўсясьветнага банку ў антыкарупцыйных пытаньнях Лешак Бальцаровіч.

Адныя краіны – як, напрыклад, скандынаўскія – здолелі мінімізаваць карупцыю, у іншых – падобныя выпадкі хутчэй выключэньне, чымся правіла. Але значнай колькасьці краінаў карупцыя ўласьцівая і, адпаведна, шкода ад яе істотная. Яна адбіваецца ня толькі на аб’ёме інвэстыцыяў і фінансавым прыросьце – простыя людзі церпяць ад яе значна больш, – зазначае Лешак Бальцаровіч.

Карупцыя прыносіць шкоду малому бізнэсу, які для многіх людзей – адзіная магчымасьць выкараскацца з галоты. Але самае небясьпечнае – гэта тое, што карупцыя падрывае давер да дэмакратычных інстытутаў, руйнуючы самую сыстэму дзяржаўнай законнасьці і прымушаючы насельніцтва пачувацца бездапаможным перад арганізаванай злачыннасьцяй.

Паводле Ўсясьветнага Банку, найбольш падатлівыя да карупцыі – краіны з былога савецкага лягеру, а таксама Ўсходнеэўрапейскія, дзе сытуацыя хаця і кантралюецца, але патрабуе больш пільнай увагі.

Разуменьне, што менавіта спараджае карупцыю – гэта першы крок на шляху змаганьня зь ёй. Скарачэньне штатаў праз прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў; ліквідацыя ліцэнзіяў, дазволаў і іншых бюракратычных перашкодаў, якія даюць магчымасьць чыноўніку нажывацца; спыненьне субсідыяў вытворцам і стымуляваньне сапраўднай канкурэнцыі ў эканоміцы – усё гэта скарачае сфэру магчымасьцяў для карупцыі.

Дэцэнтралізацыя адыгрывае ключавую ролю ў барацьбе з карупцыяй. “У Польшчы я стварыў быў адмысловую камісію, якая адказвала за дэцэнтралізацыю і абмежаваньне бюракратыі, – узгадвае Лешак Бальцэровіч. – Новы Закон, прапанаваны камісіяй і ўхвалены летась Парлямантам, рэзка скараціў пералік відаў дзейнасьці, што падлягае ліцэнзаваньню і рэгуляцыі”.

Многія дзяржавы ў сьвеце змагаюцца з карупцыяй. Шмат дзе гэтую барацьбу намагаюцца ўзначаліць урады, аднак і самі яны часта ўблытаныя ў брудныя справы. Міжнародныя экспэрты асабліва адзначаюць сярод постсавецкіх краінаў Украіну і Раею. Прадстаўнік адмысловай міжнароднай адвакацкай групы, створанай дзеля кансультацыяў у справе барацьбы з адмываньнем грошай – Фрэнк Вогл – у прыватнасьці, зазначае.

(Вогл: ) “Эканамічная сыстэма на Ўкраіне і ў Расеі цягам апошніх гадоў была ў стане віртуальнага каляпсу, бо там – вялізная карупцыя, вялізнае рабаваньне сыстэмы. Грамадзкія інстытуты ня здольныя працаваць добра, праца судзьдзяў і чыноўнікаў аплочваецца слаба. У сыстэме шмат антызаконных праяваў, што прыносіць велізарныя цяжкасьці для большасьці людзей.”

У многіх выпадках у справе змаганьня з карупцыяй дзяржаве, якая сама не дае рады, можа дапамагчы зьнешні партнэр. “У Польшчы, – гаворыць Лешак Бальцэровіч, – я зьвярнуўся да Ўсясьветнага Банку. Ён дапамог нам вызначыць крыніцы і мэханізмы карупцыі, прапанаваў шляхі: як зрабіць палітыку больш празрыстай і пазьбегнуць канфлікту інтарэсаў, прапанаваў тэхнічныя рэформы, з дапамогай якіх можна мінімізаваць карупцыю. Адначасна польскі ўрад робіць высілкі, каб пабудаваць эфэктыўную сысіэму кіраваньня, заснаваную на этычных прынцыпах: калі кожнае рашэньне адкрытае для вывучэньня і крытыкі.

Аднак, карупцыя ня можа быць зьнішчаная высілкамі толькі дзяржаўнага апарату. Пераўтварэньні ня будуць магчымымі, калі ў працэс ня ўключыцца грамадзтва. У Польшчы, прыкладам, была створаная адмысловая група, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх сэгмэнтаў грамадзтва, уключна з кіраўніцтвам асноўных палітычных партыяў. “Мы ведалі, – кажа Бальцэровіч, – посьпех у барацьбе з карупцыяй прынясе толькі шырокая падтрымка. Гэтая ініцыятыва не павінна была пераўтварыцца ў палітычны футбол, неабходны толькі дзеля мамэнтальнага палітычнага дывідэнду. Гэтая група дапамагае нам выпрацоўваць стратэгію эфэктыўнай і публічнай барацьбы з карупцыяй,” – завяршае Бальцэровіч.

Алена Радкевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG