Ізраільска-палестынскі канфлікт працягваецца. На вуліцах Гэброну, Рамаллы
і Бэтлеему не спыняюцца перастрэлкі.
Палестынцы закідаюць блёкпосты бутэлькамі з падпальнай вадкасьцю, у
адказ ізраільскія вайскоўцы ўжывавюць сьлезацечны газ і гумовыя кулі.
Сёньня прэмьер Ізраілю Эхуд Барак распачынае перамовы з лідарамі вядучых
партыяў дзеля фармаваньня “ураду надзвычайнага становішча”, мэта якога
– дамагчыся ўрэгуляваньня канфлікту з палестынцамі.
Мяркуецца, што ў склад новага ўраду ўвойдзе і лідар апазыцыйнай партыі
“Лікуд” Арыэль Шарон. Як вядома, учора Барак афіцыйна заявіў пра прыпыненьне
працэсу мірных перамоваў, што выклікала рэзка нэгатыўную ацэнку лідара
Палестынскай аўтаноміі Ясіра Арафата.
У сёньняшнім інтэрвію радыёстанцыі “Свабодны Ірак” рашэньне ізраільскага
прэм’ера Эхуда Барака прыпыніць мірныя перамовы сьпікер палестынскай нацыянальнай
асамблеі Ахмэд Кір-Эх пракамэнтаваў наступным чынам:
(Ахмэд Кір-Эх: ) “Рашэньне Барака не было нечаканым, паколькі на практыцы
замарожваньне мірнага працэсу адбылося раней, калі былі вылучаныя непрыймальныя
ўмовы. І нават пасьля Кэмп-Дэвіду не адбылося нічога істотнага ў справе
ўсталяваньня міру”.
Сёньня ж прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан меў тэлефонную гутарку з прэм’ерам
Ізраілю Эхудам Баракам у спробе знайсьці мірнае выйсьце з канфлікту.
Тымчасам найбольш інтэнсыўныя абстрэлы ізраільскіх пазыцыяў палестынцамі
вядуцца з паселішча Бэйт Джала на Заходнім беразе Ярдану. Сёньня раніцай
гэтае паселішча было заблякаванае ізраільскімі вайскоўцамі – яго абстрэльваюць
і з танкавых гарматаў, і з гэлікоптараў. Шмат будынкаў, у тым ліку і жылых,
разбураныя, большая частка паселішча засталася без электраэнэргіі.
Аднак, паколькі з поўдня паселішча непасрэдна мяжуе з Бэтлеемам, які
знаходзіцца на палестынскай тэрыторыі, назіральнікі мяркуюць, што наўрад
ці ізраільцяне здолеюць ачапіць Бэйт Джала ў поўнае кола.
Між тым цягам трох апошніх тыдняў у выніку палестына-ізраільскага канфлікту
загінулі 130 чалавек, у пераважнай большасьці -- палестынцы.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1