Вынікі выбараў у Беларусі даволі актыўна камэнтавалі ўкраінскія СМІ.
На думку многіх аглядальнікаў, нягледзячы на яўную прафанацыю самой ідэі
парлямэнцкіх выбараў, рэжым Лукашэнкі, які ўжо прызвычаіўся да міжнароднай
ізаляцыі, пакуль атрымаў тактычную перамогу.
Украінскія СМІ на гэтым тыдні прысьвяцілі шмат увагі падзеям у Беларусі.
Зь Беларусі радыё і тэлерэпартажы перадавалі карэспандэнты некалькіх агульнаўкраінскіх
каналаў. Шмат пісалі і ўкраінскія газэты.
Напрыклад, газэта “Украіна Молода” назвала матэрыял свайго менскага
карэспандэнта “Палата нумар 2. Хроніка беларускіх выбараў”, падаўшы афіцыйны
і апазыцыйны пункты гледжаньня на праблему.
Аглядальнік газэты “День” лічыць, што беларускія апазыцыянэры, якія
штосьці намагаліся байкотам сарваць выбары, свайго не дамагліся. Не дапамаглі
і апошнія дэманстрацыі.
“Апазыцыя прайграла чарговы раз і чарговы раз мусіць нагадваць пра сябе
“Маршамі свабоды”, пратэстамі і дэманстрацыямі, на якія Лукашэнка заўсёды
будзе адказваць адзьдзеламі міліцыі ці наагул ня будзе рэагаваць,” – канстатуе
“День”.
Палітычныя дзеячы Ўкраіны ацэньваюць нядзельныя выбары ў Беларусі, зыходзячы
зь ідэалягічных прыхільнасьцяў. Як правіла, левыя гавораць пра гэтую падзею
станоўча. Дэмакраты падтрымліваюць пазыцыю місіі АБСЭ, якая заявіла, што
выбары не адпавядалі дэмакратычным нормам.
Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Іван Плюшч заявіў, што “апошнія падзеі
ў Беларусі паказалі, што там нічога не зьмянілася, таму прычынаў для перагляду
стаўленьня да афіцыйнага Менску”.
Алесь Вараневіч, Кіеў
Самае папулярнае
1