Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Гаркун даў прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні, на якой выклаў афіцыйную пазыцыю Менску адносна вынікаў першага туру выбараў у Беларусі. Сёньня ж з афіцыйнай заявай выступіў прызначаны Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня генэральны пракурор Беларусі Рыгор Пракаповіч.

Уладзімер Гаркун падрабязна спыніўся на статыстычных дадзеных першага туру выбараў. Гэтыя лічбы цалкам адпавядаюць інфармацыі Цэнтарвыбаркаму. Не былі арыгінальнымі і ацэнкі саміх выбараў.

Пасол заявіў, што беларускі народ сваім актыўным удзелам у іх выразіў сваю падтрымку ўладзе на чале з сёньняшнім прэзыдэнтам. Кампанія байкоту, абвешчаная апазыцыяй, пацярпела крах. За выбарамі сачылі шматлікія назіральнікі, якія ў цэлым станоўча ацанілі кампанію.

Негатыўныя ацэнкі некаторых зь іх, у тым ліку і Бюро праблемаў дэмакратыі і правоў чалавека былі заведама перадузятыя і таму неаб”ектыўныя. На пытаньне, чаму праблема прызнаньня выбараў дэмакратычнымі расцэньваецца ўладамі Беларусі як актуальная, Уладзімір Гаркун адказаў, што гэта дыктуецца падвойнымі стандартамі, зь якімі падыходзіць Захад да Беларусі.

Сацыяльна-эканамічная сфэра Беларусі, паводле словаў амбасадара, не паддаецца на ціск МВФ і ня йдзе на масавыя звальненьні рабочых. А ў замежнапалітычнай ідзе на саюз з Расеяй, што Захаду, маўляў, не падабаецца. Таму працэдура выбараў, цалкам прымальная ў краінах Эўропы, чамусьці ставіцца пад сумнеў што да Беларусі.

Сёньня ж сваю заяву прызнаў і прызначаны апазыцыйным Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Рыгор Пракаповіч:

(Пракаповіч: ) “Прыступіўшы да выкананьня сваіх службовых абавязкаў, празь некаторы час, няўхільна выконваючы патрабаваньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, а таксама, адпаведнасьці з нормамі Крымінальна-працэсуальнага закону, я, у якасьці генэральнага пракурора 1-га сьнежня 1999 году ініцыяваў першую, і, магчыма, самую галоўную, крымінальную справу. Яна ўзбуджаная паводле артыкулу 61.1 ч. 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гэты артыкул прадугледжвае адказнасьць за захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам. Справа ўзбуджаная па факце, і папярэдняе сьледзтва праводзіцца ў дачыненьні да прадстаўнікоў усіх трох былых галінаў улады, якія нават і цяпер падпарадкоўваюцца былому прэзыдэнту. А на сёньняшні момант ужо проста грамадзяніну Аляксандру Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “На пытаньне, як зь юрыдычнага гледзішча ён ацэньвае выбары ў Нацыянальны сход Беларусі, Рыгор Пракаповіч адказаў:”

(Пракаповіч: ) “Адно зноў магу пацьвердзіць – гэта справа абавязкова будзе мець судовую пэрспэктыву, а вінаватыя – пакараныя”.

Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG