Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Выканаўчае бюро Сацыял-Дэмакратычнае “Народнае Грамады” падсумавала вынікі ўдзелу сяброў партыі ў выбарах. Кіраўніцтва БСДП лічыць, што ўдзел у выбарах быў слушным рашэньнем, а тактыка байкоту пацярпела паразу. Сябры фракцыі “Народнае Грамады” “За адзінства” ня згодныя з гэтай высноваю.

Прыхільнікі ўдзелу кандыдатаў ад “Народнае Грамады” ў выбарах у сваёй рэзалюцыі адзначылі, што выбарчая кампанія была плённай для партыі. Так, паводле словаў намесьніка старшыні БСДП Ўладзімера Нісьцюка, партыйныя актывісты здабылі карысны досьвед — сабралі больш чым 200 тысячаў подпісаў выбаршчыкаў за сваіх кандыдатаў, за час выбарчае кампаніі колькасьць сяброў партыі павялічылася на 250 чалавек і г.д. Як лічаць аўтары рэзалюцыі, сябрам партыі, што маюць намер браць удзел у паўторных выбарах, мусіць быць аказаная дапамога з боку партарганізацыяў (на думку аўтара гэтае рэзалюцыі спадара Нісьцюка, такім чынам сацыял-дэмакраты атрымаюць магчымасьць весьці легальную агітацыю сярод жыхароў краіны).

Кіраўнікі БСДП таксама прапанавалі падтрымаць трох блізкіх да “Народнае Грамады” кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур выбараў. У сваёй рэзалюцыі лідэры сацыял-дэмакратаў зрабілі выснову, што тактыка байкоту выбараў сябе не апраўдала.

З гэтымі прапановамі катэгарычна не пагадзіліся сябры фракцыі “За адзінства”, якія трымаюцца прынцыпаў аб’яднанай апазыцыі, на чале з намесьнікам старшыні партыі Аляксеем Каралём. Яны прапанавалі свой праект, у якім гаворыцца, што байкот выбараў адбыўся, бо ў галасаваньні ўзяло ўдзел менш паловы выбаршчыкаў.

Сябры гэтае фракцыі таксама дамагаліся, каб кіраўніцтва партыі адмовілася ад далейшага ўдзелу ў выбарах. Аднак, пасьля працяглых спрэчак бальшыню галасоў набраў афіцыйны праект рэзалюцыі.

Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Мы лічым, што тактыка байкоту правалілася. Мы прызнаем тое, што была фальсыфікацыі і так далей. Але мы два месяцы таму нашым сябрам па апазыцыі казалі: “Сябры, так будзе. Байкот можа удасьціся і стаць рэальнасьцю толькі тады, калі выбары не адбудуцца, а ісьці на байкот, загадзя ведаючы, што ўлада ўсё роўна зробіць так, як яна лічыць неабходным, дык тут ўзьнікае пытаньне – ці трэба гэта было ўсё рабіць?”

Паведаміў спадар Нісьцюк.

Пры гэтым ён дадаў, што ніякага расколу паміж БСДП і аб’яднай апазыцыяй няма, і сацыял-дэмакраты гатовыя працаваць на агульнадэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты. Мікола Статкевіч заявіў на паседжаньні бюро, што ня зможа балятавацца ў прэзыдэнты, паколькі мае крымінальны вырак.

Лідэр фракцыі “За адзінства” Аляксей Кароль лічыць інакш:

(Кароль: ) “Партыя па-сутнасьці выходзіць з аб’яднанай апазыцыі, але там ня ўся партыя. Фракцыя менавіта і стваралася для таго, каб захаваць і еднасьць партыі, і, галоўным чынам, і еднасьць апазыцыі”.

Заявіў спадар Кароль.

Разам з тым, лідэр фракцыі “За адзінства” адзначыў, што яму і ягоным паплечнікам удасца пераканаць калегаў не расколваць агульнаапазыцыйны рух.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG