Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Кансультацыйна-назіральную
групу АБСЭ ў Беларусі ў тым, што празь яе нібыта перадаваліся грошы на
фінансаваньне масавых акцыяў беларускай апазыцыі.
18 кастрычніка на сустрэчы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка заявіў,
што з часу першых прэзыдэнцкіх да нядаўніх парлямэнцкіх выбараў, гэта значыць
за шэсьць апошніх гадоў, Захад перадаў беларускай апазыцыі 118 мільёнаў
даляраў. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, большую частку атрымлівалі не
шарагоўцы, а лідэры, — у прыватнасьці, быў названы старшыня АГП Анатоль
Лябедзька, які паводле словаў Лукашэнкі, атрымліваў некалькі разавых грантаў
па паўтары тысячы даляраў. Але самым сэнсацыйным у выказваньні Лукашэнкі
было абвінавачваньне КНГ АБСЭ ў тым, што гэтыя грошы йшлі празь яе. Лукашэнка
паведаміў журналістам, што ён, калі сустракаўся з парлямэнцкай “тройкаю”,
асабіста папракаў амбасадара Ганса-Геога Віка за гэта.
Амбасадар Вік у інтэрвію нашаму радыё абверг падобныя заявы Лукашэнкі.
Спадар Вік зазначыў, што гэтае пытаньне пра 70 тысячаў даляраў Лукашэнка
зусім ня ставіў пад час апошняе сустрэчы з парлямэнцкай “тройкаю”. Адносна
ж учорашняе прэсавае канфэрэнцыі Ганс-Георг Вік заявіў радыё Свабода:
“Прэзыдэнт спасылаецца на дыскусію, якую ён меў з парлямэнцкай “тройкаю”
і дзе ўзьняў пытаньне фінансаваньня апазыцыі, таксама закрануўшы й некаторую
нашую дзейнасьць… Я адказаў Лукашэнку пасьля гэтае сустрэчы (бо ня браў
на ёй слова), што мы плацім заробкавую плату паводле кантракту любому чалавеку
ў гэтай краіне, які прадпрымае пэўную дзейнасьць дзеля нашае працы тут.
Я маю толькі адкрытыя грошы, ніякіх сакрэтных сумаў, я ня ўключаны ў ніякія
пералічэньні… Пытаньне ж пра Маршы Свабоды магло паўстаць пад час гэтае
сустрэчы, але гэта не датычылася КНГ АБСЭ”, — паведаміў Ганс-Георг Вік.
Ён зазначыў таксама, што нічога ня ведае пра суму 118 млн даляраў, пра
якую казаў Лукашэнка.
Увогуле Лукашэнка ўчора надзіва лёгка кідаўся абвінавачваньнямі й заявамі.
У прыватнасьці ён казаў, што альтэрнатыўныя яму кандыдаты ў прэзыдэнты
могуць проста не дажыць да прэзыдэнцкіх выбараў, калі яны ня будуць супрацоўнічаць
зь ім…
Лукашэнка зазначыў, што ў яго проста рукі сьвярбяць перадаць усе факты
ў “Советскую Белоруссию”, пасьля чаго апазыцыя можа “зьнікнуць як кляс”.
Заўтра “Советская Белоруссия” павінна публікаваць падрабязную справаздачу
з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1