Юлія Чыгір заявіла сёньня ў апошнім слове на судзе, што не шкадуе пра
свой учынак і ня лічыць сябе вінаватай. Прысуд жонцы экс-прэм’ера будзе
агалошаны ў пятніцу, 20 кастрычніка.
Сёньня, у перадапошні дзень працэсу, жонцы былога прэм’ера Беларусі
Юліі Чыгір суд даў апошняе слова. Спадарыня Чыгір заявіла, што не зьбіраецца
каяцца й прасіць суд пра літасьць. “Вы падзялілі людзей на рабоў ды іх
уладальнікаў, першым няможна нічога, а другім дазволена ўсё, і вы абараняеце
гэты парадак, а не закон”, — заявіла Юлія Чыгір на адрэсу пракурора Любові
Гаркушы, якая падтрымала абвінавачаньне сьледчых і папрасіла ад суда пакараньне
Юліі Чыгір ў выглядзе трох гадоў умоўнага зьняволеньня.
“Спадзяюся, суд, прымаючы рашэньне, не пераблытае час, у якім мы жывем,
як гэта зрабіла пракурор”, — завершыла свой выступ Юлія Чыгір. Яе апошняе
слова, дарэчы, было сустрэта авацыяй залі. А калі шум сьцішыўся, судзьдзя
Іна Ўгнівенка абвесьціла, што цяпер суд сыходзіць у дарадчы пакой і выйдзе
адтуль не раней чым а 12-й гадзіне заўтрашняга дня. Такім чынам, на прыняцьце
рашэньня суд адвёў сабе цэлы дзень. Многа гэта ці мала?
Абаронца Юліі Чыгір, вядомы адвакат Гары Паганяйла перакананы, што,
улічваючы нескладанасьць справы й характар абвінавачваньня, судзям хапіла
б некалькі гадзінаў, каб усё ўзважыць і вызначыцца:
“Сёньня, вядома, магчыма было прыняць гэтае рашэньне, бо справа ж зусім
не складаная. Навошта гэтыя шматлікія перапынкі ў працэсе? Усё гэта, відаць,
неабходна дзеля таго, каб з кімсьці ўзгадніць усе пазыцыі наконт прысуду.
Такое ўжо неаднаразова было”, — лічыць абаронца Гары Паганяйла.
Юлія Чыгір заявіла журналістам недзяржаўных выданьняў (а прадстаўнікоў
дзяржаўных СМІ на працэсе ня бачна), што не баіцца ніякага пакараньня —
у тым ліку й турмы. Да ўмоўнага тэрміну яна ставіцца як і да сапраўднага
— лічыць яго спробаю абмежаваць ейную свабоду. Юлія Чыгір перакананая,
што й пры ўмоўным пакараньні ня спыніць сваю палітычную барацьбу. Але перасьлед
яе з боку ўладаў яна зьвязвае і з палітычнай дзейнасьцю мужа, экс-прэм’ера
Міхала Чыгіра.
(Чыгір: ) “Я думаю, што перасьледуюць усю нашую сям’ю, у першую чаргу,
Міхаіла, і ўлады добра разумеюць і ведаюць, што ў яго палітычнай дзейнасьці
я знаходжуся побач зь ім, я зьяўляюся дарадчыкам, я дапамагаю яму ў гэтым,
і таму каб нанесьці нейкі ўдар і па ім, і каб мяне паставіць на месца,
на тое месца, якое мне адводзяць улады – на кухні, у ваннай, мыць посуд,
праць шкарпэткі. А я пасягаю на лідэрства, прэтэндую на тое, каб быць вядомай,
на актыўную ролю”.
Казала Юлія Чыгір, прысуд якой будзе абвешчаны заўтра. Нагадаем, максімальна
ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі, але пракурор прасіла суд абмежавацца
ўмоўным пакараньнем на тэрмін 3 гады.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1