Учора ў ЗША прайшлі трэція і апошнія тэлевізыйныя дэбаты паміж кандыдатамі
ў прэзыдэнты Джорджам Бушам і Альбэртам Горам.
Дэбаты маглі быць перанесеныя ў сувязі з тым, што якраз паблізу ад Сэнт-Луісу
ў панядзелак вечарам загінуў у авіяцыйнай катастрофе губэрнатар штату Міссуры
Мэл Карнэн. Дэбаты, як вядома, ўсё ж адбыліся, але на самым іх пачатку
кандыдаты ў прэзыдэнты хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць загінулага губэрнатара.
Дэбаты адбываліся ў спартовай залі Ўнівэрсытэту імя Вашынгтона, і на
іх былі запрошаныя 140 выбаршчыкаў, пераважна жыхары Сэнт-Луіса. Яны мелі
магчымасьць задаць пытаньні, і абодва кандыдата мелі толькі па дзьве хвіліны
на адказ. Пры гэтым вядучы меў права спыняць кандыдатаў, калі іх адказы
былі даўжэйшыя.
Асноўныя тэмы, якія хвалявалі выбаршчыкаў, тычыліся аховы здароўя, адукацыі
і сыстэмы сацыяльнага страхаваньня. Пры гэтым Альбэрт Гор падкрэсьліваў
посьпехі клінтанаўскай адміністрацыі, Джордж Буш, наадварот, абвінавачваў
дэмакратаў у бязьдзейнасьці. Абодва кандыдаты выступаюць за скарачэньне
падаткаў, але пры гэтым Альбэрт Гор аддае перавагу асобам з сярэднімі даходамі,
у той час як Джордж Буш лічыць неабходным аднолькавае стаўленьне да ўсіх
сацыяльных групаў.
Толькі два пытаньня тычыліся аспэктаў міжнароднай палітыкі, а менавіта
крызісу на Бліжнім Усходзе і скарыстаньня амэрыканскіх вайскоўцаў ў міратворчых
апэрацыях па-за межамі ЗША. Абодва кандыдаты лічыць, што Амэрыка павінна
выкарыстоўваць свой аўтарытэт у мэтах усталяваньня міру.
Так, Джордж Буш заявіў наступнае:
“Трэба, каб было ясна і відавочна, разуменьне і сябрамі, і апанэнтамі,
што калі Амэрыка нешта сказала, яна гэта зробіць”.
А вось што сказаў Алан Гор:
“Злучаныя Штаты павінны быць моцнымі, каб падтрымліваць мір, бясьпеку
і стабільнасьць, і гэта вымагае моцнай арміі.”
Джордж Буш адзначыў, што Ізраіль застаецца сябрам Амэрыкі, але пры гэтым
ЗША павінна падтрымліваць добрыя стасункі з арабскім сьветам. Ён скрытыкаваў
клінтанаўскую адміністрацыю за неэфэктыўнасьць дзеяньняў у адносінах да
Садама Гусэйна, які застаеца фактарам пагрозы на Бліжнім Усходзе.
Альбэрт Гор адзначыў складанасьць сытуацыі на Бліжнім Усходзе, але заявіў,
што прэзыдэнт Клінтан і ягоныя дарадцы пад час перамоваў у Шарм-эш-Шэйхе
зрабілі вельмі шмат для мірнага працэсу.
Дарэчы, паводле апытаньня газэты “Крысчэн сайенс манітор”, у тым выпадку,
калі б ЗША давялося непасрэдна ўмяшацца ў вайсковы канфлікт, 48 адсоткаў
рэспандэнтаў хацелі б бачыць на пасадзе кіраўніка дзяржавы Буша, і толькі
42 адсоткі – Гора.
Можна было заўважыць, што на гэтых, трэціх і апошніх перадвыбарчых дэбатах,
канкурэнты абралі больш агрэсыўную манэру паводзінаў. Адразу пасьля дэбатаў
тэлекампанія CNN, газэта USA Today правялі апытаньне тэлегледачоў: паводле
46 адсоткаў, перамогу ў спрэчцы атрымаў Гор, паводле 44 адсоткаў – Буш.
Розьніца, як бачым, вельмі нязначная.
Праўда, у выніку дэбатаў Гор скараціў сваё адставаньне ад Буша: калі
раней Буш апярэджваў яго на 8 адсоткаў, дык сёньня – на 3 адсоткі. Але
гэта можа быць часовым посьпехам: так, Гор быў прызнаны пераможцам у другіх
тэледэбатах, аднак праз некалькі дзён ягоны рэйтынг ўпаў.
Да выбараў застаюцца тры тыдні; ніводны кандыдат ня мае відавочнай,
гарантаванай перавагі; у любы дзень фаварыт можа зьмяніцца.
Ва ўмовах, каля розьніца паміж кандыдатамі можа скласьці адну адсотку
ці нават яе палову, лічаць назіральнікі, на вынік можа паўплываць своеасаблівая
сыстэма падліку галасоў у ЗША. Справа ў тым, што, на падставе галасоў выбаршчыкаў
ўлічваюцца яшчэ і так званыя галасы, якія мае кожны штат. Колькасьць галасоў
супадае з колькасьцю кангрэсмэнаў і сэнатараў, якіх мае штат. Да прыкладу,
Каліфорнія мае іх больш, чым Нью-Гэмпшыр. У такой сытуацыі кандыдат можа
набраць на некалькі тысячаў галасоў болей за суперніка, але тое, што супернік,
напрыклад, перамог у Каліфорніі і, адпаведна, мае больш галасоў “ад штату”,
можа даць яму прэзыдэнцкую пасаду.
Зрэшты, гэта тэарэтычнае меркаваньне. Практычна ж яго спраўдзіць можна
будзе толькі пасьля 7 лістапада.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1