Экс-прэм’ер Міхал Чыгір не выключае, што адмовіцца ад далейшага ўдзелу
ў выбарах, якія ён лічыць сфальшаванымі. Міхал Чыгір адказвае на пытаньні
нашага аўтара Алега Грузьдзіловіча.
Да ўчорашніх выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” экс-прэм’ер
Міхал Чыгір мае цэлы шэраг прэтэнзіяў. І хаця спадар Чыгір патрапіў у другі
тур, заняўшы другое месца, цяпер ён ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць далейшае
барацьбы, вынік якое, на ягоную думку, вызначае не выбаршчык, а ўлада.
Міхал Чыгір кажа:
(Чыгір: ) “Я магу сказаць, што адбывалася ў маёй акрузе. На большасьці
ўчасткаў была фальсыфікацыя. Напрыклад, на адным з участкаў падлік галасоў
вёўся наогул у іншым памяшканьні, дзе не прысутнічалі назіральнікі. Потым
выйшлі і абвесьцілі вынікі выбараў. Ну гэта наогул…Як гэта можна прызнаваць
такія выбары? Да таго часу, пакуль у камісіях, пачынаючы з цэнтральнай
выбарчай камісіі і канчаючы акружнымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі,
ня будзе прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, выбары праводзіць у рэспубліцы
немагчыма. Гэта тычыцца парлямэнцкіх і таксама прэзыдэнцкіх выбараў”.
(Карэспандэнт: ) “А як бы Вы пракамэнтавалі сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю
прадстаўнікоў АБСЭ і тое, што яны не прызнаюць вынікі выбараў”.
(Чыгір: ) “Гэтага трэба было чакаць. Я сам, нягледзячы на тое, што прымаў
удзел у выбарах, лічыў мэтазгодным выбары не прызнаваць да тае пары, пакуль
улады ня выканаюць вядомыя чатыры ўмовы”.
(Карэспандэнт: ) “Якая, на Вашую думку, будзе будучыня ў гэтага парлямэнту?”
(Чыгір: ) “Лічу, што будучыні ў парлямэнту няма, а калі хтосьці прызнае
выбары, то гэта таксама ня будзе рабіць гонару тым краінам”.
(Карэспандэнт: ) “Вы будзеце ўсё ж браць удзел у другім туры?”
(Чыгір: ) “Я канчатковага рашэньня пакуль не прымаў, але усё ж лічу,
што калі выбары былі сфальсыфікаваныя на 15-га, яны будуць сфальсыфікаваныя
і праз два тыдні. Таму я хутчэй за ўсё ў выбарах удзел не прыму”.
Гэта быў экс-прэм’ер Міхал Чыгір, які балятаваўся ў Менску ў Адзінцоўскай
выбарчай акрузе й трапіў у другі тур выбараў. Чыгір кажа, што канчатковае
рашэньне наконт таго, ці працягваць браць удзел у выбарчай кампаніі, ён
прыме пазьней, пасьля кансультацыяў у сваім выбарчым штабе.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1