Выбары ў “Палату прадстаўнікоў”, якія адбыліся 15 кастрычніка,
не адпавядалі міжнародным стандартам. Такую выснову зрабілі сёньня экспэрты
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, якія на працягу амаль
месяца знаходзяцца ў Беларусі. З гэтай высноваю пагадзілася й парлямэнцкая
“тройка”.
Тэхнічная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека не абмежавалася
канстатацыяй факту неадпаведнасьці парлямэнцкіх выбараў у Беларусі міжнародным
стандартам. Яна падкрэсьлівае, што “не былі выкананыя мінімальныя забавязаньні
ў справе правядзеньня свабодных, справядлівых, роўных і адкрытых выбараў”.
Місія робіць шырокае і поўнае абгрунтаваньне такіх высноваў. У прыватнасьці,
падкрэсьліваецца, што палажэньні пра папярэдняе галасаваньне, пераносныя
скрыні, правілы падліку і абагульненьня вынікаў галасаваньня зусім не адпавядаюць
мінімальным патрабаваньням, неабходным для незалежнага спраўджаньня. Таму
бюро адмовілася накіроўваць сваіх назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў дзень
выбараў.
Прызнаньню выбараў перашкодзілі і іншыя фактары. Сярод іх, напрыклад,
кантроль з боку выканаўчых уладаў за працаю выбарчых камісіяў. Злоўжываньне
працэдураю рэгістрацыі кандыдатаў дазволіла выключыць з барацьбы непажаданых
прэтэндэнтаў. Жорсткае рэгуляваньне перадвыбарчае кампаніі абмежавала магчымасьці
ейнага правядзеньня.
Разам з тым, місія прыводзіць і некаторыя станоўчыя факты, сярод якіх
— уключэньне ў склад Цэнтральнае выбарчае камісіі прадстаўнікоў некаторых
палітычных партыяў з правам дарадчага голасу. Пазытыўнай называецца і адмена
патрабаваньня рэгістрацыі мясцовых структураў палітычных партыяў для вылучэньня
імі сваіх кандыдатаў у адпаведных акругах.
Дэлегацыя “тройкі”, якая прадстаўляла ў Беларусі парлямэнцкія асамблеі
АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнт, прыняла высновы тэхнічнае місіі да ведама.
Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын ахарактарызаваў іх наступным
чынам:
“Я мушу сказаць, што гэтая справаздача надзвычай збалянсаваная. Мы,
сапраўды, заўважылі шмат недахопаў і мы рашуча выказалі нашую трывогу з
нагоды таго, што гэтыя недахопы не былі пераадоленыя перад гэтымі выбарамі.
Відавочна, што на вынікі выбараў паўплывалі гэтыя недахопы”, — сказаў на
сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Адрыян Севярын.
У справаздачы парлямэнцкае “тройкі”, якая была раздадзеная журналістам,
адзначаецца што, “Тройка з засмучэньнем адзначае, што ў рэшце рэшт улады
Беларусі не скарысталіся магчымасьцю дамагчыся прагрэсу, якая зьявілася
ў выніку правядзеньня выбараў. Парлямэнцкая тройка таксама выказвае шкадаваньне
з нагоды таго, што ўлады Беларусі не падтрымалі імкненьня значнае часткі
жыхароў Рэспублікі да дэмакратычных пераўтварэньняў”.
Прадстаўнікі “тройкі” заяўляюць таксама, што “на дадзены момант можна
толькі раіць, каб рашэньне пра нармалізацыю стасункаў з адпаведнымі структурамі
ў Беларусі было прынятае на больш позьняй стадыі”.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1