Назіральнікі ад Магілеўскага грамадзкага аб’яднаньня “Гуманітарная ініцыятыва”
склалі больш за тысячу пратаколаў на парушэньні Закону аб выбарах. Акрамя
гэтага, каардынатары назіральнікаў сёньня заявілі, што насамрэч у Магілеве
і адным з раёнаў Бабруйску выбары ўвогуле не адбыліся.
Аднак, паводле папярэдніх дадзеных Магілеўскай вабласной выбарчай камісіі,
выбары адбыліся ва ўсіх 13-ці акругах з сярэдняй актыўнасьцю 62%. Найбольшая
актыўнасьць зафіксаваная ў Шклоўскім раёне – 83%. Пераважная большасьць
аддала свой голас віцэ-сьпікеру так званай Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру
Канаплёву.
Увогуле, 6 чалавек абраныя на Магілеўшчыне з першага туру. Калега Канаплёва
па дэпутацтве, дырэктар аграгандлёвай фірмы “Днепр” Валеры Ліпкін; міністар
сельскай гаспадаркі Вадзім Папоў; намесьнік начальніка КГБ па Магілеўскай
вобласьці Ўладзімер Марозаў; кіраўнік “Магілеўаблнафтапрадукту” Аляксандар
Чачора і менскі прадпрыймальнік, дырэктар прадстаўніцтва швайцарскай фірмы
Валяньцін Сімірскі. Усе – партэбныя ўладзе людзі.
У трох зь сямі параў, якія выходзяць на другі тур, фігуруюць дэпутаты
так званай Палаты, дый іншых выпадковымі людзьмі ў выбарчай кампаніі не
назавеш.
Як паведаміў каардынатар назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў
Валеры Сівуха, пасьля апрацоўкі сваіх дадзеных, яны будуць скардзіцца ў
пракуратуру, каб давесьці, што выбары ў трох Магілеўскіх і адной Бабруйскай
акрузе не адбыліся, а колькасьць выбаршчыкаў нацягвалася ўсімі сродкамі.
Прычым назіральнікаў часта не пускалі ў камісіі на падлік галасоў.
У Магілеўскіх акругах дадзеныя ўчастковых камісіяў не супадалі з акруговымі,
дзе аб’яўлялася, што выбары адбыліся. Але ў адказ на заўвагі назіральнікаў
прасілі ня блытаць прыватнае з агульным. Адзін з назіральнікаў паскардзіўся,
што пасьля канфлікту ў камісіі ён быў зьбіты невядомымі.
Парушэньняў зафіксавана вельмі шмат. Напрыклад, ёсьць інфармацыя, што
жанчыны з бюлетэнямі хадзілі з кайстрамі ў цэнтры Магілеву па кватэрах
і прапаноўвалі людзям выканаць свой грамадзянскі абавязак на месцы.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
Самае папулярнае
1