Надзвычайная сытуацыя ў Пінску. Пасьля таго, як стала вядома, што
на 15 гадзінаў у горадзе прагаласавала каля 35 % выбаршчыкаў, выканкамаўскія
чыноўнікі пачалі ціснуць на старшыняў участковых камісіяў, каб тыя
забясьпечылі неабходную лічбу ўдзелу грамадзянаў у галасаваньні. Людзей на ўчасткі
павялі калёнамі.
Такія выпадкі афіцыйна зафіксаваныя назіральнікамі на выбарчым участку
№ 24, дзе, нягледзячы на намаганьні, на 19 гадзінаў прагаласавала толькі
40 % выбаршчыкаў, і на ўчастку № 31, куды калёнай прывялі нават пацыэнтаў
суседняга наркадыспансэру, якія лекуюцца там ад алькагольнай ды наркатычнай
залежнасьці.
Літаральна ў апошнія хвіліны перад запісам матар’ялу, у штаб пачалі
прыходзіць зьвесткі ад назіральнікаў, што на некаторых участках сябрам
выбарчых камісіяў загадалі ўзяць скрыні, якімі карыстаюцца для галасаваньня
па месцы жыхарства, і абыходзіць грамадзянаў, якія, адпаведна заканадаўству,
ня выклікалі скрыні дахаты. Сябры камісіяў атрымалі загад загітаваць тых,
хто не прыйшоў сёньня на ўчастак, прагаласаваць у хатняй абстаноўцы. Афіцыйна
гэтая інфармацыя ўжо пацьверджаная назіральнікамі на ўчастку № 15.
У выніку за гадзіну да сканчэньня галасаваньня колькасьць грамадзянаў,
што ўзялі ўдзел у выбарах, пачала хутка павялічвацца. З крыніцаў у акруговай
выбарчай камісіі стала вядома, што старшыні гарадзкой і раённай акруговых
выбарчых камісіяў увесь час маюць сувязь з берасьцейскім аблвыканкамам,
адкуль атрымліваюць інструкцыі наконт забесьпячэньня ўдзелу ў выбарах неабходнай
колькасьці грамадзянаў.
Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
Самае папулярнае
1