У Лёндане ля беларускай амбасады мясцовыя беларусы наладзілі пікет.
На тэлефоннай сувязі ў Лёндане намесьнік старшыні Згуртаваньня беларусаў
Вялікай Брытаніі Ігар Лабацэвіч.
(Лабацэвіч: ) “Цяпер у Лёндане ля будынку беларускай амбасады сабралося
каля 30 чалавек – беларусаў, ангельцаў, ёсьць прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары
ў Брытаніі, якія пратэстуюць супраць правядзеньня незаконных выбараў у
лукашэнкавую палату. Лёзунгі, я думаю, такія, як і паўсюль, дзе праводзяцца
падобныя пікеты гэтымі днямі. Напрыклад: “Мілошавіч – сёньня, Лукашэнка
– заўтра!”, “Ня дайце Лукашэнку скрасьці ваш голас!”, “Свабода – не тэрор,
выбары – ня фарс!”.
(Караткевіч: ) “Ці бачылі вы людзей, якія прыходзілі ў амбасаду, каб
прагаласаваць?”
(Лабацэвіч: ) “Пакуль што было чалавекі чатыры, якія хуценька прабеглі
ў амбасаду. Можа, гэта нават былі якія-небудзь новыя супрацоўнікі амбасады
– я ня ведаю.”
(Караткевіч: ) “Мінакі неяк рэагуюць на пікет?”
(Лабацэвіч: ) “Так, шмат людзей праязджаючы на машынах, спыняюцца, пытаюць:
“Што такое Беларусь, што адбываецца ў Беларусі?”
(Караткевіч: ) “Нейкае агульнае ўяўленьне яны пра гэта маюць?”
(Лабацэвіч: ) “Вядома. У нас ёсьць невялікія ўлёткі па-ангельску. Бо
паводле ангельскага заканадаўства, уся інфармацыя і плякаты павінны быць
па-ангельску. Пікет ладзіцца ад 2-й да 3-й паводле ангельскага часу.”
(Караткевіч: ) “Брытанская прэса неяк рэагуе на беларускія палітычныя
працэсы? Я маю на ўвазе кампанію “Байкот-2000” і выбары.”
(Лабацэвіч: ) “Канешне, таблёіды брытанскія ніколі ня будуць рэагаваць
на такія рэчы – іх не цікавіць нічога, апрэч падаткаў. А што да вялікіх
газэтаў, то слова Беларусь зьяўлялася цягам апошніх тыдняў вельмі часта,
але ў асноўным у сувязі зь Югаславіяй, калі казалася пра магчымае месца
прытулку Мілошавіча”.
З Ігарам Лабацэвічам гутарыла
Вольга Караткевіч
Вольга Караткевіч