Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У рамках прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША адбыліся другія дэбаты паміж кандыдатам ад рэспубліканцаў Джорджам Бушам і дэмакратычным кандыдатам віцэ-прэзыдэнтам Альбэртам Горам. Дыскусія прайшла ўчора ў Wake Forest University ў штаце Паўночная Караліна…

(Гор: ) “Свабода. Свабодныя рынкі. Палітычная свабода. Я думаю, што першае і галоўнае, куды нашая моц мусіць быць ськіраваная, – на шляхі фармаваньня яшчэ больш ідэальнай дзяржавы. І сіла добрага прыкладу зьяўляецца для Амэрыкі найбольшай сілай у сьвеце.”

Гэтыя словы Альбэрта Гора ў адказ на пытаньне пра палітычныя прыярытэты Амэрыкі – “найбольш моцнай нацыі ў сьвеце”—характарызуюць танальнасьць дыскусіі. У амаль кожнай рэпліцы Буш і Гор дэманструюць гарачы патрыятызм і адданасьць інтарэсам народу.

У часе абмеркаваньня крызісу на Блізкім Усходзе абодва палітыкі спыніліся на дачыненьнях зь Іракам. Альбэрт Гор адзначыў, што з Саддамам Гусэйнам трэба быць асьцярожнымі, таму што заяўлянае ім у гэтай сытуацыі выглядае як пагроза.

(Гор: ) “Гусэйн мусіць зразумець: ён мае справу ня толькі зь Ізраілем, але ён мае справу з намі.”

Паведаміў Гор. А зараз паслухайце меркаваньне Джорджа Буша:

(Буш: ) “Мы ня ведаем, ці ён (Саддам) разьвівае зброю масавага зьнішчэньня. Лепш бы ён гэтага не рабіў, бо будуць наступствы ў выпадку абраньня мяне прэзыдэнтам”.

Рэспубліканец Буш выказаў упэўненасьць, што рэжым Слабадана Мілошавіча б ня рухнуў, калі б Злучаныя Штаты не ўжылі сілы. Ня ўсе паплечнікі Буша падзяляюць ягоную пазыцыю, але Буш падтрымаў рашэньне Біла Клінтана. Альбэрт Гор зазначыў, што сьвет мяняецца вельмі хутка і часткі сьвету становяцца бліжэй. “Так гэта ці не, – заявіў Гор, – але Злучаныя Штаты цяпер бясспрэчны лідар міжнароднай супольнасьці”.

Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ЗША адказвалі і на пытаньні пра фінансавую дапамогу бяднейшым краінам. Джордж Буш:

(Буш: ) “Гэта сфэра, дзе мы можам выкарыстаць нашую шчодрасьць – каб уплываць – у станоўчым сэнсе – уплываць на іншыя народы. Я думаю, што замежная дапамога мусіць быць скарыстаная для разьвіцьця рынку і рэформаў.”

Альбэрт Гор узьняў пытаньне карупцыі ў сьвеце – у рэгіянальных і міжнародных інстытуцыях. Паводле Гора, Злучаныя Штаты Амэрыкі прыкладам і канкрэтнымі захадамі павінныя дапамагчы краінам, якія нагамаюцца зьмяніць сытуацыю. Пра ролю ЗША ў сьвеце сказаў і Джордж Буш:

(Буш: ) “Я ня думаю, што роля Злучаных Штатаў прыйсьці ў краіну ды сказаць: “Мы робім гэта так. Рабеце й вы”. Я думаю, мы можам дапамагчы. І я ведаю: мы павінныя заахвочваць разьвіцьцё дэмакратыі і рынку.”

Вольга Караткевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG