Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускія ўлады надаюць статус назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі асобам, якія ня маюць на гэта аніякіх паўнамоцтваў, і нават тым, хто сам падкрэсьлівае, што не зьяўляецца назіральнікам. Так, МЗС Беларусі па-ранейшаму называе прадстаўнікоў эўрапейскае «тройкі» міжнароднымі назіральнікамі, негледзячы на іхныя заявы пра адваротнае.

Сёньня на традыцыйным брыфінгу ў МЗС Беларусі прэсавы сакратар міністэрства Павал Латушка паведаміў, што на сёньняшні дзень на парлямэнцкія выбары выказалі жаданьне прыехаць звыш 200 замежных назіральнікаў з 26 дзяржаваў. Сярод іх каля 60 дэпутатаў парлямэнтаў розных краінаў.

Спадар Латушка паінфармаваў, што ў якасьці міжнародных назіральнікаў у Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваныя таксама 16 прадстаўнікоў гэтак званай эўрапейскае «тройкі». Латушка падкрэсьліў, што Беларусь разглядае іх менавіта як міжнародных назіральнікаў на падставе беларускага заканадаўства.

Журналісты, аднак, нагадалі, што самі прадстаўнікі «тройкі» неаднаразова адзначалі, што іхную місію нельга называць назіраньнем за выбарамі. На гэта прэсавы сакратар зазначыў, што прадстаўнікі «тройкі» маюць права рабіць любыя заявы, якія лічаць патрэбнымі, але Беларусь ўсё роўна будзе называць іх міжнароднымі назіральнікамі. Такая вось парадаксальная сытуацыя, калі людзям надаюць нейкі статус нават насуперак іхнаму жаданьню.

Увогуле, відавочна, што менавіта дзякуючы падобнаму падыходу беларускія ўлады й назьбіралі каля 200 гэтак званых «назіральнікаў». Напрыклад, сярод гэтых асобаў называюцца й прадстаўнікі Летувы. Але афіцыйная Летува патлумачыла, што не накіроўвала назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Гэтае пытаньне не разглядалася ані ва ўрадзе, ані ў Сэйме. Зразумела, што любы грамадзянін Летувы можа прыехаць у Беларусь, але, як падкрэсьлілі агэнцыі БелаПАН у летувіскай амбасадзе ў Менску, падобныя паездкі будуць мець прыватны характар.

Зрэшты, гэта ня мае аніякага значэньня для беларускага Цэнтравыбаркаму, які гатовы зарэгістраваць у якасьці назіральніка любога замежнага турыста.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG