Экспэрты міністэрства эканомікі лічаць нявыгаднай пастаўку ў Беларусь
кубінскага цукру на тых умовах, які прапаноўвае кубінскі бок. Тым ня менш,
крыніца карэспандэнта Радыё Свабода паведамляе, што Аляксандар Лукашэнка
выдаў загад рыхтаваць адпаведнае пагадненьне з кубінскім урадам…
Пра тое, што праект абмену кубінскага цукру на беларускія ўгнаеньні
забракавалі спэцыялісты зь Міністэрства эканомікі Беларусі і шэрагу прадпрыемстваў
афіцыйныя СМІ не паведамлялі.
Паводле дакумэнтаў, якія патрапілі мне ў рукі ад дасьведчанай крыніцы,
супраць ідэі пагадненьня, прывезенай Аляксандрам Лукашэнкам з Гаваны, выступілі
ня толькі спэцыялісты зь мінэканомікі, але й экспэрты Гарадзенскага аб’яднаньня
“Азот” і аб’яднаньня “Беларуськалій”.
Пра непазьбежныя страты таксама паведамілі канцэрн “Белдзяржхарчпрам”
і фірма “Белая Русь”. Гэта ім давядзецца перапрацоўваць і прадаваць кубінскі
цукар.
Паводле падлікаў спэцыялістаў, у выніку ўгоды Беларусь страціць ня менш
як 5 мільёнаў даляраў. І гэта пры ўмове, што кубінскія партнэры выканаюць
свае абавязацельствы. Калі не, дык страты будуць яшчэ большымі.
Рэч у тым, што кубінцы прапаноўваюць прадаваць цукар па коштах, значна
вышэйшыя за ўсясьветныя. На міжнародным рынку тона цукру-сырцу каштуе 250
даляраў. Кубінцы запатрабавалі цану 307 даляраў за тону. Між тым, будуць
страты ад дастаўкі і перапрацоўкі кубінскага цукру. Пра гэта папярэджваюць
беларускія спэцыялісты і робяць выснову, што ўгода для Беларусі ня выгадная.
Страты можна было кампэнсаваць продажам на Кубу беларускіх угнаеньняў,
але аказваецца, што тут чакаююцца сюрпрызы. Кубінцы патрабуюць, каб угнаеньні
былі расфасаваныя ў мяхі яшчэ ў Беларусі. Што значна падвысіць сабекошт.
Другая праблема: Беларусь свае ўласныя патрэбы ў азотных угнаеньнях
задавальняе толькі на 60 адсоткаў. А тут давядзецца аддаваць 70 тысячаў
тонаў кубінцам.
У немэтазгоднасьці такога пагадненьня спрабавалі пераканаць Аляксандра
Лукашэнкі спэцыялісты. Але атрымалі такі адказ: “Рыхтуйце пагадненьне.
Куба – бедная, ёй трэба дапамагаць”. Гэтак, паводле крыніцы ў Міністэрстве
эканомікі, загадаў Аляксандар Лукашэнка.
Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір паведаміў, што ў 1995 годзе пад час ягонай
сустрэчы з кубінскім міністрам замежных справаў аналягічны праект ужо абмяркоўваўся.
Але тады беларускі бок устрымаўся ад нявыгаднага супрацоўніцтва, бо не
было гарантыі, што кубінцы выканаюць свае абяцаньні.
(Чыгір: ) “Прапаноўваліся не паралельныя пастаўкі цукру за нашыя ўгнаеньні,
а кубінцы казалі, што разьлічацца пазьней, як зьбяруць ураджай. А калі
не зьбяруць? Гарантыяў не было. Цяпер яны зноўку прапаноўваюць будучы ўраджай,
але гэта – самагубства. Вось што атрымліваецца, калі палітыка йдзе наперадзе
эканомікі. Так не павінна быць. Спачатку павінныя працаваць спэцыялісты,
а пасьля кіраўнік прымае рашэньне"
Нягледзячы на адмоўныя вынікі працы экспэртаў, работа над кубінска-беларускай
дамовай працягваецца. Распачатае стварэньне сумеснага прадпрыемства для
продажу кубінскага цукру ў Беларусі.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1