Выканаўчая ўлада, прадчуваючы невялікую выбарчую актыўнасьць у нядзелю,
праз сваю ідэалягічную вэртыкаль на прадпрыемствах фактычна прымушае рабочых
і спэцыялістаў браць удзел у датэрміновым галасаваньні. Карэспандэнцыя
з Гомелю
Учора на Заводзе ліцьця і нармаляў, які ўваходзіць у аб’яднаньне “Гомсельмаш”,
начальнік адзьдзелу кадраў, яна ж намесьніца дырэктара ў справе інфармацыі
Людміла Рохля, двойчы ў працоўны час зьбірала нараду на конт правядзеньня
датэрміновага галасаваньня.
Да абеду йшла “апрацоўка” начальнікаў адьдзелаў і службаў заводу. А
15-й гадзіне Людміла Рохля зьбірала так званых інфарматараў цэхаў. Пасьля
нарады інфарматары азадачылі рабочых і спэцыялістаў. Вось як расказала
пра патрабаваньні намесьніка кіраўніка канструктарскага адзьдзелу Васіля
Брынзы адна з супрацоўніц, якая не пажадала, каб яе прозьвішча прагучала
ў эфіры:
(Голас: ) “Народ! Вы абавязаныя прагаласаваць усе да пятніцы, каб у
пятніцу былі вынікі. Хто як хоча, але зьбірайцеся. Будзем усіх адпускаць
з абеду, каб пайшлі і прагаласавалі. Для гэтага – паўдня адгулу”.
Пачуўшы такое патрабаваньне, работнікі пыталіся, што будзе, калі не
паслухацца. На гэта спадар Брынза адказаў: “Таму не паздаровіцца. Да канцу
году на зводзе павінныя скараціць тысячы чалавек”.
Зараз у адпаведнасьці з патрабаваньнямі ідэалягічнай вэртыкалі, у падраздзяленьнях
заводу складаюцца сьпісы, каму й калі наведаць выбарчыя ўчасткі для датэрміновага
галасаваньня.
Казімір Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1