Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску распачаўcя зьезд Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Як паведаміў cёньня лідэр Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык, зьезд прыцягнуў да сябе значную ўвагу з боку міжнародных арганізацыяў і прафсаюзаў. Гэта сталася наступствам грубага парушэньня ў Беларусі прафсаюзных правоў. Гаворыць Марк Бландэль, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднае Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, які адначасова ўзначальвае буйное прафсаюзнае аб’яднаньне Францыі:

(Бландэль: ) “Мы падтрымалі скаргу, якая была накіраваная прафсаюзамі Беларусі ў Міжнародную арганізацыю працы. Гэтая скарга была разледжаная таксама Міжнароднай арганізацыяй свабодных прафсаюзаў.

18 й 19 кастрычніка заплянаваны візыт у Менск адмысловае міжнароднае дэлегацыі, якая зьбіраецца азнаёміцца са становішчам прафсаюзаў у Беларусі. Мы зьбіраемся настойваць, каб у дачыненьні да адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі былі прынятыя санкцыі. Францыя цяпер старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе. Мы будзем зьвяртацца на ўсіх узроўнях, каб растлумачыць, што ёсьць неабходнасьць ва ўсталяваньні ў Беларусі дэмакратыі. Я асабіста гаварыў наконт гэтага пытаньня з прэзыдэнтам Жакам Шыракам”, — паведаміў Марк Бландэль.

Ён паінфармаваў дэлегатаў зьезду, што, паводле зьвестак Міжнароднае Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, у справе парушэньня правоў прафсаюзаў Беларусь значыцца ў другім радку пасьля Калюмбіі, дзе прафсаюзных лідэраў забіваюць. Спадар Бландэль паведаміў, што Канфэдэрацыя зараз намагаецца абараніць беларускія прафсаюзы шляхам супольных дзеяньняў з расейскімі прафсаюзамі.

Дарэчы, удзел у цяперашнім зьезьдзе бярэ й вялікая група прафаюзных лідэраў Расеі. Паводле іхных словаў, яны падзяляюць пазыцыю прадстаўнікоў міжнароднае прафсаюзнае супольнасьці. Вось што паведаміў сёньня на гэты конт старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхал Шмакаў:

“Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі і ўсе арганізацыі, што ўваходзяць у яе, занепакоеныя становішчам з правамі прафсаюзаў у Беларусі і выказваюць пратэст супраць дзеяньняў уладаў. На адрэсу прэзыдэнта Расеі Пуціна, старшыні ўраду Касьянава, кіраўнікоў Рады Фэдэрацыі і Дзяржаўнае думы Строева й Селязьнёва былі накіраваныя нашыя паведамленьні пра становішча ў Беларусі. Мы запатрабавалі, каб яны аказалі ціск на беларускія ўлады, каб такое парушэньне правоў прафсаюзаў у Беларусі было спыненае”, — зазначыў лідэр расейскіх прафсаюзаў Міхал Шмакаў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG