У нядзелю ў Летуве адбыліся выбары ў Сойм. У хуткім часе будзе сфармаваны
новы ўрад і абраны новы прэм’ер Летувіскае Рэспублікі. Як адаб’юцца гэтыя
падзеі на стасунках Беларусі й Летувы, ці адбудуцца прынцыповыя зьмены
ў двухбаковых узаемных дачыненьнях? Меркаваньні на гэты конт некаторых
летувіскіх палітыкаў і Сямёна Шарэцкага…
Як вядома, у выніку парлямэнцкіх выбараў у Летуве большасьць мандатаў
сяброў Сойму атрымала Сацыял-Дэмакратычная кааліцыя Альгірдаса Бразаўскаса.
Як адзначыў кіраўнік інфармацыйнага цэнтру Кааліцыі і сябра Сойму Гедымінас
Керкілас, прынцыповых зьменаў у замежнай палітыцы не адбудзецца.
Але спадар Кіркілас адзначыў, што апошнім часам пагоршыліся стасункі
Летувы з Расеяй, Латвіяй і Нямеччынай. Таксама “ёсьць пэўныя праблемы”
і зь Беларусьсю. Не выконваецца дамова наконт экспарту электраэнэргіі.
Спадар Кіркілас калісьці быў адным з тых, хто заключаў гэтую дамову з былым
прэм’ерам Беларусі Міхалам Чыгіром.
“Мы ня будзем дагаджаць Лукашэнку”, — зазначыў Гедымінас Керкілас, камэнтуючы
будучыню беларуска-летувіскіх стасункаў. Дэмакратызацыя Беларусі, мяркуе
спадар Керкілас, вельмі важная для Летувы менавіта з пункту гледжаньня
сяброўства ў NATO.
Трэцяе месца паводле колькасьці мандатаў сяброў Сойму атрымаў “Новы
Зьвяз” сацыял-лібэралаў Летувы на чале з былым генэральным пракурорам Артурасам
Паўлаўскасам. Вось як пракамэнтавала для нашага радыё пэрспэктывы беларуска-летувіскіх
дачыненьняў намесьнік кіраўніка палітычнага дэпартамэнту “Новага Зьвязу”
Рамінта Гецавічэне:
“Асноўны прынцып нашае замежнае палітыкі — добрыя стасункі з усімі краінамі,
а Беларусь зьяўляецца нашым суседам. У нас ёсьць некаторыя эканамічныя
праблемы, — напрыклад, запазычанасьць Беларусі за электраэнэргію. Але я
ня бачу праблемаў у стасунках паміж грамадзянамі нашых краінаў. А што тычыцца
стратэгічнага партнэрства, дык мы бачым бясьпеку Летувы ў сяброўстве ў
NATO, а эканамічную пэрспэктыву краіны — у ЭўраЗьвязе”, — зазначыла Рамінта
Гецавічэне.
“Летува пачырванела” — так пракамэнтаваў вынікі парлямэнцкіх выбараў
у Летуве старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, які цяпер знаходзіцца
ў Летуве. Але, тым ня менш, ён мяркуе, што прынцыповых зьменаў у летувіскай
замежнай палітыцы на адбудзецца.
(Шарэцкі: ) “Вынікі выбараў – гэта воля літоўскага народа, і я хацеў
бы адзначыць, што Літва ўжо на тым узроўні, калі выбары могуць адбывацца
(і адбыліся) сапраўды дэмакратычныя. Заўжды яно так і бывае – адна групоўка
мяняе іншую, адна больш правая, другая больш левая, але я думаю, што ў
Літве дарога вызначаная, і яна будзе ісьці ў Эўропу”, — зазначыў Сямён Шарэцкі.
Ганна Соусь, Вільня–Менск
Самае папулярнае
1