Хоць датэрміновае галасаваньне ў гэтак званаю «Палату прадстаўнікоў»
ўжо пачалосяых, аднак на этапе агітацыі ня ўсе кандыдаты
ў дэпутаты мелі магчымасьць зьвярнуцца празь дзяржаўныя сродкі масавай
інфармацыі да сваіх выбаршчыкаў.
Акруговая камісія гомельскай Сельмашаўскай выбарчай акругі №34 зьняла
з тэле- і радыёэфіру ўжо запісаны выступ кандыдата ў дэпутаты, прафэсара
катэдры фізыкі Беларускага ўнівэрсытэту транспарту Валянціны Савасьценцы.
У зьвязку з чым прынята такая пастанова, распавядае сама кандыдатка:
«У сувязі з тым, што ў выступах прагучалі пытаньні, зьвязаныя з маім
меркаваньнем: я лічу, што патрэбная зьмена палітычнага курсу ў Рэспубліцы,
і зьмена ўлады канстытуцыйным шляхам. Да таго ж былі агучаныя факты, як
фальсыфікуюцца выбары. А гэта, пэўна, не падабаецца перш за ўсё тым, хто
гэтым займаўся», — зазначыла кандыдатка.
На мінулых выбарах Валянціна Савасьценка таксама балятавалася ў дэпутаты
ў сваёй цяперашняй акрузе і сутыкнулася з падтасоўкаю вынікаў галасаваньня
на ўчастку ў сярэдняй школе №48. Пракуратура ўзбудзіла нават крымінальную
справу. Але сьпісы з подпісамі амаль дзьвюх тысячаў выбаршчыкаў “прапалі”.
Афіцыйная вэрсія — іх скралі. Віноўнікаў не знайшлі, і крымінальную справу
спынілі.
Пра гэта Валянціна Савасьценка згадала пад час запісу тэлезвароту да
выбаршчыкаў. І дадала: “ўлада пайшла на грубае парушэньне Закону, падтасаваўшы
вынікі галасаваньня”. Гэтыя словы, а таксама выраз “Нашая ўлада прызвычаілася
абманваць свой народ” і не спадабаліся акруговай камісіі пад кіраўніцтвам
Людмілы Расказавай…
Улічыўшы афіцыйны ліст з абласнога тэле/радыё-аб'яднаньня наконт зьместу
выступу, камісія і прыняла рашэньне зьняць з тэле- і радыёэфіру выступ
Валянціны Савасьценкі, паколькі выказваньні “могуць быць расцэнены як заклікі
да сацыяльнай варожасьці й паклёп у дачыненьні службовых асобаў Рэспублікі
Беларусь”.
Цікаўлюся меркаваньнем суразмоўцы адносна магчымасьці данесьці свае
погляды да выбаршчыкаў. Працягвае кандыдатка ў дэпутаты Валянціна Савасьценка:
«На гэты раз кампанія ідзе ў гэтым пляне на рэдкасьць агідна, куды больш
страшна, чым на папярэдніх выбарах. Поўная інфармацыйная блякада. Апроч
таго, што мяне сапраўды зьнялі з тэле- і радыёэфіру, мне абсалютна зачынены
доступ на завод “Гомсельмаш”. А гэта 20 тысяч выбаршчыкаў», — сказала Валянціна
Савасьценка.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1