Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік апынуўся
ў цэнтры ўвагі як дзяржаўных, гэтак і незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
Дзяржаўныя падаюць як сэнсацыю ягоны ліст у Цэнтравыбаркам з просьбаю акрэдытаваць
прадстаўнікоў эўрапейскае тройкі як міжнародных назіральнікаў за выбарамі
ў “Палату прадстаўнікоў”, а незалежныя цытуюць спадара Віка, які нібыта
прызнаўся ў сваіх намаганьнях далучыць Беларусь да Расеі. Наш карэспандэнт
зьвярнуўся па камэнтар да самога кіраўніка КНГ АБСЭ…
Цягам апошніх дзён дзяржаўная тэлевізія Беларусі паказвае адно й тое
ж інтэрвію Лідзіі Ярмошынай, старшыні Цэнтральнае выбарчае камісіі, дзе
яна дэманструе ліст ад Ганса-Георга Віка. Спадар Вік гэтым лістом просіць
акрэдытаваць усю дэлегацыю эўрапейскіх арганізацыяў на чале з кіраўніком
Парляманцкай асамблеі АБСЭ Адрыянам Севярынам у якасьці міжнародных назіральнікаў
на выбарах 15 кастрычніка. Тэлевізія сьцьвярджае, што Эўропа зьмяніла пазыцыю
і дасылае назіральнікаў.
Я патэлефаніў спадару Віку й запытаў, ці пацьвярджае ён тое, што даслаў
ліст старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай з просьбаю акрэдытаваць
Адрыяна Севярына ды іншых менавіта ў якасьці міжнародных назіральнікаў
на выбарах у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Вось што адказаў Ганс-Георг
Вік…
(Вік: ) “Не, я маю пацьвердзіць толькі тое, што мы напісалі ў адпаведнасьці
з восьмым, здаецца, параграфам пагадненьня Венскае тэхнічнае канфэрэнцыі
ды запыталі статус назіральнікаў. Ён будзе назіральнікам Парляманцкай асамблеі
АБСЭ”,
— сказаў пра спадара Севярына кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг
Вік.
На маё наступнае пытаньне, ці будзе Адрыян Севярын назіраць за выбарамі
15 кастрычніка, спадар Вік адказаў станоўча: “Будзе”.
Што да прамовы на Беластоцкай міжнароднай канфэрэнцыі, якую цытуюць
радыё Палёнія і радыё Рацыя і дзе Ганс-Георг Вік нібыта заявіў, што апошнім
часам КНГ АБСЭ ў Менску займалася далучэньнем Беларусі да Расеі, бо Расея
больш дэмакратычная краіна, і таму праз гэта можна дэмакратызаваць Беларусь,
дык спадар Вік катэгарычнае абвяргае гэтае паведамленьне:
(Вік: ) “Гэта проста нонсэнс. Я не сказаў, што хачу далучыць Беларусь
да Расеі. Я памятаю свае словы пра тое, што цягам двух з паловаю гадоў
я спрабаваў даваць парады ў разьвіцьці дэмакратычных інстытуцыяў і што
існуе тэорыя, быццам бы гэта магло б прыйсьці праз больш шчыльную сувязь
Беларусі з Расеяй, бо Расея больш плюралістычная дэмакратыя ў параўнаньні
зь цяперашняй Беларусьсю. Такая тэорыя ёсьць, але я не падзяляю гэтае тэорыі”,
— заявіў Ганс-Георг Вік, кіраўнік кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ
ў Менску.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1